Беларусь набыла два танкеры расейскай нафты. Кошт – таямніца

Беларусь закупляе два танкеры расейскай нафты з адгрузкаю ў Клайпедзе. На сустрэчы з журналістамі прэсавы сакратар «Белнафтахіму» Аляксандр Цішчанка заявіў, што агульная колькасць набытай нафты – 160 тысяч тонаў.

«Нафта расейская, але бралі ў трэйдараў і без прэміі. Ўлічвалі кароткі час пастаўкі. Кошт – камерцыйная таямніца», – цытуе прадстаўніка «Белнафтахіму» «Tut.by».

«Белнафтахім» набыў гэтую нафту без прэміі. Паводле канцэрну, «расейскі ресурсаўладальнік на гэтай пастаўцы мог бы зарабіць больш нават без прэміі».

Прэмію ў $ 10 Менск плаціў расейскім нафтавым кампаніям, каб зрабіць для іх пастаўкі ў нашую краіну больш прывабнымі. Пасля пагаршэння якасці нафты і стратамі ў сувязі з расейскім падатковым манеўрам, Менск больш не хоча гэтага рабіць.

Танкеры прыбудуць у літоўскі порт 34 сакавіка і 1315 сакавіка. Пасля гэтага літоўская чыгунка плануе перавозіць да беларускай мяжы 100150 цыстэрнаў нафты ў суткі, падае «Інтэрфакс».

Менск і Масква гэтак і не змаглі дамовіцца пра ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь у 2020 годзе. У выніку ў студзені–лютым нафту ў Беларусь пастаўлялі толькі кампаніі Міхаіла Гуцэрыева, якога звязваюць сяброўскія адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Апошнія два месяцы айчынныя НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы.

Уладзімір Пуцін пасля сустрэчы з кіраўніком Беларусі паабяцаў зняць абмежаванні доступу да нафтапроваду кампаніяў, якім будзе цікава працаваць з Беларуссю. Цяпер беларускія ўрад спадзяецца на інтарэс да супрацы з нашай краінай дробных і сярэдніх нафтавых фірмаў.

Дыверсіфікацыя паставак нафты – адная з самых прыярытэтных задач «Белнафтахіму» на 2020 год. Дасягнуць гэтага аднак пакуль не ўдалося: сёлета Беларусь закупіла толькі 86 тысяч тон нарвежскай нафты.

ДД belsat.eu

Hавiны