Беларусь і Расея падпісалі пагадненне аб узаемным прызнанні візаў

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей і кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў падпісалі пагадненне аб узаемным прызнанні візаў і па іншых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзянаў на тэрыторыі дзвюх краінаў. Пра гэта паведамляе сайт беларускага МЗС.

Дакумент быў падпісаны па выніках візіту Сяргея Лаўрова ў Менск.

«Дакументам прадугледжваецца ўзаемнае прызнанне нацыянальных візаў і іншых дазвольных дакументаў на знаходжанне. Такім чынам, замежныя грамадзяне атрымліваюць дадатковыя магчымасці для наведвання Беларусі і Расеі па нацыянальнай візе адной з іх. Яны змогуць уязджаць, выязджаць, знаходзіцца, ехаць транзітам па тэрыторыі дзвюх дзяржаваў паветраным, чыгуначным, а таксама аўтамабільным транспартам па дарогах, якія вызначаныя ў пагадненні», – адзначаюць у МЗС.

Праца над пагадненнем цягнулася больш за два гады.

ІІ belsat.eu

Hавiны