Міністр эканомікі і развіцця РФ Максім Арэшкін па выніках сустрэчы з беларускім калегам Дзмітрыем Крутым заявіў, што перамовы аб стварэнні адзінай валюты вядуцца цяпер на ўзроўні кіраўнікоў нацыянальных банкаў абедзвюх краін.
Магчымасць пераходу на адзіную валюту абмяркоўваецца ў рамках саюзнай дамовы і пры ўмове стварэння адзінай эканамічнай прасторы, паведамляюць «РИА Новости».
«Вы казалі пра адзіную валюту – так, гэты пункт запісаны ў Саюзнай дамове, таму гэта абмяркоўваецца, сустракаюцца цэнтральныя банкі, абмяркоўваюць, варта ці не спрабаваць гэта рабіць, як гэта рабіць, у якія тэрміны гэта рабіць», – сказаў Арэшкін.
У сваю чаргу міністр эканомікі Дзмітрый Круты падкрэсліў, што ў рамках праграмы паглыблення інтэграцыі дзвюх краін нельга вырываць з кантэксту адзін пункт. «Гэта будзе пакетная гісторыя і пакетнае пагадненне», – сказаў ён.
«У самой саюзнай дамове напісана, што ва ўмовах стварэння адзінай эканамічнай прасторы па ўсіх напрамках ужо фіналам становіцца адзіная валюта. Таму, напэўна, гэтай канструкцыі мы будзем прытрымлівацца», – адзначыў Круты.
Перамовы Арэшкіна і Крутога прайшлі ў суботу на палях Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму. Міністры ўзначальваюць двухбаковую працоўную групу па ўрэгуляванні праблемных пытанняў і развіцці інтэграцыі, якую Беларусь і Расея вырашылі стварыць напрыканцы 2018 года.
Іншыя дэталі «дарожнай мапы» інтэграцыі пакуль не раскрываюцца.
КА belsat.eu