Беларусь прапаноўвае Казахстану актывізаваць перамовы пра імпарт нафты з гэтай краіны. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 траўня на сустрэчы з амбасадарам Казахстану ў Менску Ермухаметам Ертысбаевым.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пасля сканчэння сёлета мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчых заводаў, Беларусі «будзе трошкі лягчэй купляць з сусветных рынкаў нафту». Разам з тым ён прызнаў, што пытанне паставак казахстанскай нафты ляжыць у плоскасці не толькі Беларусі і Казахстана, але і Расеі з прычыны неабходнасці транзіту.
«Расея – чалец ЕАЭС. Я думаю, што з блізкай нам краінай мы зможам дамовіцца пра нейкія аб’ёмы паставак нафты з Казахстану», – сказаў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў пра дысбаланс у гандлі з Казахстана і адзначыў гатовасць купляць казахстанскія тавары «ад бавоўны і заканчваючы металамі». Ён прапанаваў даручыць міжурадавай камісіі заняцца гэтымі пытаннямі.
Лукашэнка таксама паведаміў, што плануе сустрэцца з прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым і першым кіраўніком гэтай краіны Нурсултанам Назарбаевым падчас саміту ЕАЭС ў Нур-Султан.
Нагадаем, што на пачатку траўня беларускі пасол Вячаслаў Брыль сустрэўся з кіруючым дырэктарам Нацыянальнай нафтагазавай карпарацыі Нігерыі Маіканці Бару. Яны абмеркавалі ў тым ліку актуальнасць пытання дыверсіфікацыі паставак нафты ў Беларусь.
МГ belsat.eu