Амерыканская дабрачынная арганізацыя «CitiHope International» перадала Беларусі лекі для лячэння анкалагічных і генетычных захворванняў.
«Першую партыю дарагіх лекавых прэпаратаў у складзе гуманітарнага грузу на суму звыш як $ 2,25 млн даставілі ў Беларусь», – паведаміла БелТА.
Гэта больш, чымся Беларусь атрымала ад ЗША летась. У 2018-м медычныя ўстановы атрымалі ад амерыканскіх дабрачынных арганізацыяў лекаў на $ 1,9 млн.
«CitiHope» падае, што лекі перадаюцца ў межах мемарандуму аб аказанні дапамогі, які быў падпісаны з Дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі ў Вашынгтоне ў лістападзе 2018-га.
Спіс лекаў быў загадзя ўзгоднены з Міністэрствам аховы здароўя. Гэтая гуманітарная дапамога вызваленая ад падаткаў і мытных плацяжоў.
Беларусь супрацоўнічала з «CitiHope» да 2014 года. У 2018-м Менск зноў наладзіў кантакты з гэтай арганізацыяй.
ДД