Беларусь адзначыла сотую гадавіну смерці Максіма Багдановіча

У царкву Святых Пятра і Паўла на Нямізе сёння прыйшлі прадстаўнікі творчых колаў, а таксама жыхары сталіцы, для якіх асоба і творы Максіма Багдановіча і сёння маюць вялікае значэнне. Як і штогод у гэтай святыні прайшла памінальная паніхіда па выбітным беларускім паэце.

«Максім вельмі любіў Беларусь. З блізка і здалёку. Ён пакінуў нам такі самы запавет: жыць дзеля Беларусі», – зазначыў пісьменнік Барыс Пятровіч.

А да помніку Максіма Багдановіча, што каля тэатру оперы і балету, сёння прынеслі кветкі. Як і звычайна, тут гучалі творы, блізкія сэрцу кожнага беларуса, ды словы захаплення. Назвы і радкі з твораў беларускага класіка гучалі з вуснаў і старых, і маладых.

Роўна сто гадоў таму вельмі заўчасна, у самоце і на чужыне пайшоў з жыцця адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры. Паэт, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык – гэта толькі некаторыя сферы выбітнай дзейнасці Максіма Багдановіча. Як сцвярджаюць знаўцы, спадчына вялікага беларуса ўвайшла ў залаты фонд нашай культуры. Мала хто ў Сінявокай не ведае адзінага прыжыццёвага зборніку паэта «Вянок», твору «Пагоня» ці «Слуцкія Ткачыхі».

Што кажа Багдановіч беларусам сёння?

«Багдановіч гэта зніч, які вядзе за сабой. Ён прымушае тых, хто хоча зразумець сябе, краіну, дзяржаву – зразумець, што трэба зрабіць дзеля гэтага. Ён нам паказаў як трэба ведаць гісторыю і ўвасабляць яе ў рэальныя справы», – мяркуе пісьменнік Анатоль Бутэвіч.

«Калі мы хочам ушаноўваць такіх людзей, то мы мусім размаўляць на мове, працягваць справу, чытаць добрыя кнігі», – упэўнены паэт Усевалад Сцебурака.

Усё жыццё паэт марыў пра светлую і вольную краіну Беларусь

На жаль, цягам ста гадоў пасля ягонай смерці такое застаецца пакуль мараю мільёнаў беларусаў. Сёння нават ушанаванне памяці вялікіх творцаў у Беларусі можа ў кожную хвіліну адгукнуцца праблемамі. Звычайнае ўскладанне кветак да помнікаў народных геніяў нярэдка лічаць палітычнымі акцыямі, а патрыётаў кідаюць за краты або забіраюць у іх у выглядзе штрафаў апошнія грошы.

«Ці захацеў бы Багдановіч вярнуцца ў такую краіну? Не першы год вядзецца дыскусія над мэтазгоднасцю вяртання з Крыму ў Беларусь ягонага праху. Цяпер рэалізацыя гэтай ідэі можа ўскладніцца з прычыны расейскай анексіі Крыму, якую шмат хто назваў акупацыяй. Маўляў, жывыя і памерлыя на паўвостраве ізноў аказаліся ў Расейскай імперыі», – падсумаваў паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Hавiны