БДУ тлумачыць, як будуць выглядаць заняткі там у бліжэйшыя месяцы


Каб зменшыць кантакты паміж студэнтамі і працаўнікамі, галоўны ўніверсітэт краіны дазволіў выкладчыкам праводзіць заняткі онлайн. Прысутнасць на іх гэткая ж абавязковая, як і на звычайных занятках, распавялі «Белсату» ў ВНУ.

«У нас няма панятку «дыстанцыйнае навучанне», а ёсць «навучанне з выкарыстаннем сродкаў электроннай камунікацыі». У першую чаргу мы рэкамендуем выкладчыкам выкарыстоўваць рэсурсы адукацыйнага парталу БДУ, які існуе ўжо амаль два гады. Ужо больш за месяц вялікая частка заняткаў праходзіць на ім. Нашыя захады скіраваныя на тое, каб пазбегнуць масавасці, каб зменшыць кантакты паміж студэнтамі, выкладчыкамі і супрацоўнікамі. Мы змяняем адукацыйны працэс услед за эпідэміялагічная сітуацыяй», – патлумачылі ў прэсавай службе ўніверсітэту.

Паводле прэсавай службы, галоўнае для ўніверсітэту цяпер – не парушыць адукацыйны працэс і не знізіць якасць адукацыі.

«Студэнты павінныя заходзіць на адукацыйны партал згодна з раскладам заняткаў і выконваць заданні ад выкладчыка. Рэгістрацыя на ім прыраўноўваецца да прысутнасці на занятках. Таксама там кантралюецца работа супрацоўнікаў і выкладчыкаў», – працягнулі ў прэс-службе.

Магчымасці працаваць дыстанцыйна адміністрацыя БДУ анансавала 13 красавіка. Разам з тым універсітэт пакінуў магчымасці для выкладчыкаў і студэнтаў працягнуць заняткі ў звычайным рэжыме – напрыклад для тых, хто мусіць працаваць у лабараторыях.

«Універсітэт нікога не прымушае [вучыцца дыстанцыйна]: ён пашырае магчымасці для студэнтаў і выкладчыкаў рэгуляваць прамое ўзаемадзеянне», – дадалі ўва ўніверсітэце.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў