БАЖ: Галоўным правадніком «рускага міру» застаецца тэлебачанне


У Менску прэзентавалі маніторынг прарасейскай прапаганды ў медыях Беларусі. Вынікі маніторынгу і высновы агучылі старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і сябра групы маніторынгу, журналіст Максім Жбанкоў, паведамляе БАЖ.

«У нас не было задачы здзівіць кагосьці. Мэта маніторынгу – ацаніць і падлічыць, наколькі прарасейская прапаганда прысутнічае ў беларускай інфармацыйнай прасторы, паколькі дакладных даследаванняў на гэты конт не так і шмат», – адзначаюцца ўдаследаванні.

Аўтары даследавання аналізавалі кантэнт беларускіх дзяржаўных медыяў і прыйшлі да несуцяшальных высноваў.

«Адна з галоўных высноваў маніторынгу ў тым, што прасоўванне ідэяў «рускага міру» у вялікай ступені адбываецца праз беларускія ТБ-каналы, якія ўваходзяць у агульнарэспубліканскі сацыяльны пакет», – заявіў кіраўнік ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.

Па наглядам медыяэксперта Максіма Жбанкова, які прымаў удзел у маніторынгу, навязванне расейскацэнтрычнасті ў медыях адбываецца не толькі падчас асвятлення палітычных падзеяў, але і ў агульным праз кантэнт расейскай вытворчасці.

«Насаджэнне расейшчыны адбываецца на трох узроўнях. Гэта не толькі палітычныя заявы і хроніка, але і расейскацэнтрычная падача сусветнай інфармацыі, расейскіх экспертаў. А таксама забаўляльны кантэнт расейскай вытворчасці. Складаецца ўражанне, што беларускія ТБ-каналы цэнтралізавана ствараюць расейскацэнтрычную карціну ў галовах гледачоў, карыстаючыся пры гэтым аднолькавымі шаблонамі і метадычкамі», – лічыць Максім Жбанкоў.

Аўтары маніторынгу сказалі, што даследаванне будзе праводзіцца на працягу трох бліжэйшых гадоў.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў