Баявік ЛНР, асуджаны ў Беларусі на два гады, датэрмінова выйшаў на волю. Імаверна, ён з’ехаў з краіны


Гамяльчук Віталь Катлабай – адзін з двух беларусаў, пакараных рэальным турэмным тэрмінам за ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе. У снежні 2017 года яго прысудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу («удзел ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы»). Belsat.eu даведаўся, што летась экс-баявік выйшаў на свабоду датэрмінова, хаця сваю віну не прызнаў.

Напрыканцы 2015 года Віталь Катлабай вырашыў паехаць на Данбас і далучыцца да аднаго з падраздзяленняў у самаабвешчанай ЛНР – «Казачага палку ЯрГа». Баявік узяў сабе пазыўны «Шапэн». Як нам раней распавядалі саслужыўцы Катлабая, ён выконваў функцыю «штатнага праграміста», знаходзіўся ў тыле, на перадавую наагул не выязджаў. Ягонай задачай было ствараць агітацыйныя відэаролікі, «сацыяльную рэкламу супраць наркотыкаў», размяшчаць у сеціве абвесткі з заклікам уступаць у полк.

У абвестках сярод іншага пазначаўся стандартны заробак шарагоўца – 15 тысяч расейскіх рублёў. Саслужывец Катлабая ў размове з намі тады адзначаў, што і сам беларус атрымліваў на Данбасе менавіта такую суму. Пазней на судзе баявік сцвярджаў, што «вазіў гуманітарную дапамогу» і не меў агнястрэльнай зброі.

Hавiны
Атрымліваў 15 тысяч рублёў, але на перадавой не быў ні дня. Што вядома пра асуджанага на 2 гады турмы баевіка ЛНР з Гомля
2017.12.14 15:24

У ЛНР Катлабай прабыў да студзеня 2017-га, пасля чаго перыядычна выязджаў у Растоўскую вобласць РФ, а ўлетку захацеў вярнуцца на радзіму.

«Праз пару месяцаў яго ўзялі. Бацькі адразу звязаліся з намі, прасілі дапамагчы. Мы пачалі пісаць звароты ў беларускія праваахоўныя органы, але дарэмна. Абвінаваўца першапачаткова запатрабаваў для яго ад 5 да 8 гадоў, у выніку далі 2», – распавялі тады ў «Казачым палку ЯрГа».

Катлабай – даволі актыўны карыстальнік сацсеткі «Укантакце», часта рэпосціць запісы з розных групаў. Ягоныя пасты дапамагаюць зразумець храналогію падзеяў. Першае фота зробленае ў Гомлі па вяртанні з Данбасу, з’явілася на старонцы Катлабая ў чэрвені 2017-га, а апошняя публікацыя перад арыштам – напрыканцы жніўня. Пасля старонка больш не аднаўлялася. Імаверна, сілавікі затрымалі яго ў верасні таго ж года. Суд адбыўся ў снежні – значыць, следчыя дзеянні працягваліся прыкладна тры месяцы.

Яшчэ адзін беларус-баявік, Віталь Мітрафанаў з Рэчыцы, затрыманы ў ліпені 2017-га па тым жа артыкуле 361-3, распавёў нам, што сустракаў Катлабая ў СІЗА, а іхныя крымінальныя справы вёў адзін следчы. Самому Мітрафанаву далі два гады «хіміі».

ВІДЭА
«КДБшнікі прыходзілі гутарыць, а потым забралі». Што вядома пра справу баевіка ДНР з Рэчыцы
2017.11.17 15:54

«Адміністрацыя ставілася нармальна»

Публікацыі на старонцы Катлабая «Укантакце» (цяпер падпісаны «Віталь Беліцкі») аднавіліся напрыканцы верасня 2018 года. Мы звязаліся з ім і атрымалі пацверджанне, што ён на волі. Такім чынам, замест двух гадоў ад пачатку следства баявік правёў за кратамі ўсяго год. Пры гэтым, калі раней сваякі Віталя падалі апеляцыю, Вярхоўны суд пакінуў вырак без зменаў.

«Апеляцыі не дапамаглі», – коратка патлумачыў нам Катлабай. Ён адмовіўся даваць разгорнутае інтэрв’ю. Адзначыў толькі, што адміністрацыя калоніі да яго «нармальна ставілася». Паводле словаў баевіка, сваёй віны ён не прызнаў.

Праз некаторы час Катлабай усё ж пагадзіўся пагутарыць, але ў апошні момант перад інтэрв’ю перастаў выходзіць на сувязь. Тады мы адшукалі ў электронным даведніку ў сеціве мабільны нумар Velcom, зарэгістраваны на Віталя Катлабая. Слухаўку ўзяў мужчына, які назваўся ягоным саслужыўцам.

– Лічыце, што я сябар, саслужывец.

– Па тэрміновай службе ў беларускім войску?

– Не важна, дзе мы служылі, важна, што разам.

– Дзе цяпер знаходзіцца Віталь?

– Ну, краіна ў нас вялікая: ёсць Расея, Украіна, Прыбалтыка…

– Ён вярнуўся на Данбас?

– Ну навошта адразу гэтак радыкальна?!

– Але тэрыторыю Беларусі ён пакінуў?

(доўга маўчыць) Я не магу адказаць на гэтае пытанне. Набірайце не раней, чым праз тыдзень.

Паводле артыкула Крымінальнага кодэксу, умоўна-датэрміновае вызваленне з месцаў зняволення магчымае «толькі пры ўзорных паводзінах, якія сведчаць пра выпраўленне асобы». Яно можа быць ужытае да асуджаных за злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі або менш цяжкія злачынствы пры ўмове адбыцця не менш за палову тэрміна, прызначанага судом. Частка 1 артыкула 361-3 (паводле якой быў асуджаны Катлабай) належыць да менш цяжкіх – максімальная санкцыя прадугледжвае да пяці гадоў турмы. Таксама датэрмінова могуць выйсці на волю інваліды, пажылыя людзі, жанчыны і адзінокія мужчыны з малымі дзецьмі. Хутчэй за ўсё, Катлабая выпусцілі праз «узорныя паводзіны».

Пасля датэрміновага вызвалення, праваахоўнікі звычайна ўстанаўліваюць за асуджаным прафілактычны нагляд. Гэта значыць, чалавек мусіць выконваць каменданцкую гадзіну, не можа змяніць месца жыхарства або пакінуць горад больш, чым на месяц па асабістых справах, не папярэдзіўшы праваахоўнікаў. Дзе цяпер знаходзіцца экс-баявік і наколькі ён з’ехаў – belsat.eu пакуль высветліць не ўдалося.

***

У красавіку 2016 года беларускія ўлады дапоўнілі Крымінальны кодэкс артыкулам 361-3, які прадугледжвае адказнасць за ўдзел ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы без прыкметаў найміцтва, то бок – без даказаных фактаў атрымання грошай. Максімальнае пакаранне паводле яго – да 10 гадоў пазбаўлення волі пры ўмове, што абвінавачаны займаўся вербаваннем або матэрыяльным забеспячэннем такіх фармаванняў.

Усяго з пачатку канфлікту на Данбасе паводле артыкулу 361-3 у Беларусі асудзілі чатырох баевікоў ЛДНР. Прычым адбылося гэта ў сціслы прамежак часу – цягам васьмі месяцаў. У верасні 2017-га Віцебскі абласны суд на закрытым паседжанні пакараў Аляксея Яршова з Паставаў 2 гадамі хатняй хіміі, але неўзабаве пасля прысуду Яршоў пакінуў Беларусь і вярнуўся на Данбас ва ўзброенае фармаванне.

Hавiны
Колькі беларусаў прайшлі праз вайну на Данбасе? Расследаванне «Белсату»
2018.02.27 08:05

У лістападзе Гомельскі абласны суд прызначыў жыхару Рэчыцы Віталю Мітрафанаву 2 гады хіміі. Першы рэальны тэрмін атрымаў Віталь Катлабай у снежні – 2 гады калоніі. А ў траўні 2018-га на 2 гады калоніі агульнага рэжыму асудзілі Івана Яравога з Магілёўшчыны. Адметна, што ўпершыню сілавікі затрымалі Яравога яшчэ ў 2015 годзе, але адпусцілі, пасля чаго той шмат разоў ездзіў на Данбас і вяртаўся дадому.

Акрамя таго, пакаранне цяпер адбывае баявік батальёна «Спарта» Дзмітрый Макарэвіч з Лагойску, але яно не звязанае з удзелам у вайне. Макарэвіча пасадзілі на паўтара года за «хуліганства» – па вяртанні з Данбасу ён патрапіў у п’яную бойку.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў