Баявік ДНР заявіў, што яго завербаваў ГУБАЗіК: хацелі адправіць на бок Украіны


Дзяніс Глазкін з Лагойскага раёну паехаў ваяваць за ДНР у верасні 2014 года. На Данбасе ён паспеў паслужыць у чатырох падраздзяленнях – апошні быў батальён «Спарта». 36-гадовы баявік распавёў карэспандэнту belsat.eu, што па вяртанні ў Беларусь яго выклікалі ў ГУБАЗіК, прапанавалі агентурную працу, і ён пагадзіўся.

Па адукацыі Глазкін – мастак, афармляльнік інтэр’ераў, але кажа, што тэмай вайны цікавіўся з дзяцінства, бо вырас у сям’і вайскоўца. Аднак ад тэрміновай службы ён «адкасіў» – сімуляваў праблемы са здароўем. У 2005 годзе Глазкін быў асуджаны на 3 гады «хіміі» за хуліганства. На волі зарабляў на жыццё афармленнем кватэраў, жыў у вёсцы Плешчаніцы пад Лагойскам, сям’і не заводзіў. Ягоная біяграфія была даволі ардынарнай, пакуль увесну 2014 года Глазкін не пазнаёміўся ў сацсетках з дзяўчынай з Данбасу.

Дзяніс Глазкін, фота з сацсетак

«Тады як раз пачаліся гэтыя падзеі, шмат інфармацыі да мяне прылятала і з інтэрнэту, і з тэлебачання. Першапачаткова я не збіраўся ваяваць, а марыў вывезці адтуль сваю дзяўчыну», – гаворыць Дзяніс.

Пара прызначыла сустрэчу ў Растоўскай вобласці. Паводле Глазкіна, ён адмыслова ні з кім не звязваўся перад выездам, ехаў «пабачыць каханую». Але паміж імі адбылося непаразуменне. Дзяніс, пажыўшы пэўны час непадалёк ад мяжы з Украінай, наслухаўся прыфрантавых чутак і вырашыў далучыцца да так званага «апалчэння». Ён рушыў у бок Данецку ў надзеі прыяднацца да аднаго з фармаванняў.

Справка
Глазкін на Данбасе

Галопам па падраздзяленнях

«У верасні 2014-га перайшоў мяжу праз КПП «Матвееў Курган» у Данецкай вобласці і паехаў у Данецк. Першае падраздзяленне, куды я патрапіў – гэта «Беркут», які ўваходзіць у структуру МУС ДНР, там яшчэ былі казакі. У мае задачы ўваходзіла ахова блокпаста ля шахты Скачынскага ў Кіраўскім раёне, а таксама патруляванне вуліц», – гаворыць баявік.

Прыкладна праз некалькі тыдняў Глазкін перайшоў у 4-й батальён «Сварожычы» – падраздзяленне ўнутры былога батальёна «Оплот», які да канца 2014 года па колькасці асабістага складу дасягнуў памераў брыгады. Менавіта байцы «Оплота» лічыліся «асабістай гвардыяй» лідара баевікоў Аляксандра Захарчанкі. Дзякуючы кантактам у «Оплоте», у кастрычніку беларус афіцыйна ўступіў у шэрагі «унутраных войскаў ДНР», дзе пасля непрацяглага навучання яму прысвоілі спецыяльнасць кулямётчыка.

«Я няблага разбіраўся ў зброі, таму даволі хутка навучыўся абыходзіцца з кулямётам. Трэба сказаць, часам трапляліся абсалютна новыя, нават не прыстраляныя кулямёты расейскай вытворчасці. Мы трымалі Пятроўскі кірунак, паблізу Данецкага аэрапорту».

Справка
Скрыншот з суполкі “Вконтакте”

Глазкін сцвярджае: ва «унутраных войсках» ён не здаў іспыты па фізпадрыхтоўцы і яго разжалавалі з групы хуткага рэагавання ў гаспадарчы ўзвод. У снежні ён падае рапарт на звальненне і пераходзіць у артылерыю «Самалі» пад камандаваннем «Гіві» (Міхаіла Талстых, забітага ў лютым 2017).

«У «Самалі» мяне прызначылі старэйшым наводчыкам гарматы, у нас была батарэя Д-30 (гаўбіца 122-мм). Хаця я раней ніколі з гарматаў не страляў. Стаялі ў Аўдзееўцы, працавалі па аэрапорце».

Глазкін сцвярджае, што грашовай узнагароды за службу не атрымліваў. Але сродкі былі патрэбныя – часам іх дасылала маці з сямейных зберажэнняў. У студзені 2015 года Глазкін імкнуўся паўдзельнічаць у баях пад Дэбальцава, але маці катэгарычна запатрабавала, каб ён вярнуўся дадому і адмовілася выслаць грошы. Баявік у чарговы раз напісаў рапарт і паехаў у Беларусь.

«Чэкісты нават вобшук не праводзілі»

Паводле словаў баевіка, пакуль ён адсутнічаў, да родных праваахоўныя органы не прыходзілі, ягоным лёсам у бацькоў ніхто не цікавіўся. Магчыма, на той момант сілавікі не мелі звестак пра ўдзел Глазкіна ў вайне.

«Вярнуўся я ў Плешчаніцы ў студзені, а недзе ў сакавіку да мяне ўпершыню прыехалі чэкісты з Менску. Пытаюцца «Быў?» Я кажу: «Не, у госці ездзіў». Ну яны і звалілі, нават вобшук не праводзілі.

А прыкладна праз паўмесяца ў хату ўварваўся «Алмаз» у масках, мяне адразу паклалі на падлогу. Паднялі маці, яна была дома тады. Дзіўна, што не лазілі асабліва нідзе, зверху ў шуфлядах паглядзелі. Але мяне збівалі моцна, па рэбрах, пыталіся, каго з беларусаў я ведаю. Ну, я назваў некаторых – «Макара», «Белага», але пра іх і так у інтэрнэце пісалі».

Калі верыць майму суразмоўцу, то гэтай сілавой акцыяй аператыўнікі прыпужнулі яго, перш чым прапанаваць супрацу. Па словах Глазкіна, праз некалькі дзён яму трэба было з’явіцца ў Менск, на размову ў ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй). Пры гэтым яму не паведамлялі, ці з’яўляецца ён фігурантам якой-небудзь крымінальнай справы. У кабінеце сілавікі ўжо абсалютна па-іншаму сябе паводзілі: «рэагавалі станоўча», калі ён прызнаўся, што ваяваў на Данбасе.

Баявік сцвярджае, што не хацеў пагаджацца на супрацу з сілавікамі, таму шукаў спосабу з’ехаць з Беларусі. У траўні 2015 года ён напісаў свайму знаёмаму з батальёну «Спарта» – беларусу Сяргею Савічу (вядомы пад пазыўным «Белы») і выправіўся на Данбас.

Справка

Заданне куратара – паехаць ва Украіну

«Белы» сустрэў Глазкіна на вакзале ў Данецку і адвёз у размяшчэнне «Спарты». Беларус узяў сабе пазыўны «Малевіч» і спецыяльнасць сапёра. Але ў нейкі момант у яго здарыўся канфлікт з камандаваннем. Ён не хоча раскрываць дэталі канфлікту і кажа, што «шмат нюансаў» і «сам мала зразумеў прычыну». У выніку ён правёў 30 дзён «на падвале». Калі арышт скончыўся, заставацца ў «Спарце» надалей не было магчымасці і баявік вырашыў зноў вярнуцца ў Беларусь. Такім чынам, з перапынкамі, беларус правёў на Данбасе ў складзе розных фармаванняў каля 8 месяцаў.

Тое, што «Малевіч» насамрэч быў у «Спарце», нам пацвердзіў баявік падраздзялення Станіслаў Канюшэўскі з Расеі.

Баявік кажа, што яму даводзілася забіваць украінцаў, але «іх было не шмат, менш дзесяці». У вялікіх аперацыях ён удзелу не браў, акрамя аэрапорту, але і там непасрэдна пры штурме не прысутнічаў. У жніўні 2015 ён канчаткова вярнуўся на радзіму.

Праз некаторы час яго выклікалі ў ГУБАЗіК і пачалі настойваць на падпісцы аб супрацы.

«І ў іх атрымалася, я падпісаў. Я дагэтуль не ведаю ніводнага прозвішча тых, хто са мной працаваў. Мой куратар прадставіўся імем Андрэй. Спачатку тэма, якой мне сказалі займацца – чорныя капальнікі, якія знаходзяць розныя боепрыпасы і захоўваюць іх дома. Мне трэба было выяўляць такіх і паведамляць аператыўнікам. Таксама мяне ўкаранялі да менскіх казакоў, бо была інфармацыя, што яны нейкую зброю маюць. І я нешта там сапраўды знайшоў… Мне гэта трошкі нават падабалася»

Былі ў працы агента і свае прывілеі. Калі Глазкіна з сябрамі затрымалі п’янымі ў цэнтры Менску і завезлі ў РАУС, то міліцыянт вельмі хутка аддаў яму пашпарт і выбачыўся за нязручнасці.

Глазкін адмаўляецца называць свой агентурны псеўданім, але распавядае: ягоная функцыя ў падпісаным ім дакуменце называлася «пазаштатны супрацоўнік з прыцягненнем да ўкаранення». Ускоснае пацверджанне аповеду Глазкіна знаходзім у суполцы капальнікаў «Вконтакте»: на пачатку 2016 года ён сапраўды шукаў там знаёмстваў.

«Аднойчы я сказаў куратару: або вы даяце мне нешта сур’ёзнае, або я не буду працягваць супрацу. Тады ён запрапанаваў паехаць у Польшчу, увайсці ў кола асобаў, набліжаных да «Пагоні», «Правага сектару» і збіраць інфармацыю пра беларусаў, якія ваююць на баку Украіны.

Іх тады цікавілі менавіта тыя хлопцы, хто па Данецкім напрамку працуе. Потым мне трэба было паехаць ва Украіну самому. Фактычна, быць на баку майго праціўніка».

Хаця Глазкін раней нідзе не «свяціўся» і ягоных дадзеных няма ў базе «Міратворца», ён палічыў паездку ва Украіну занадта рызыкоўнай. Ад задання куратара Глазкін адмовіўся. Пасля гэтага ён з’ехаў у Маскву і знайшоў сабе працу па спецыянальнасьці. Цяпер ён жыве ў Маскве, займаецца афармленнем кватэраў, але на радзіме бывае рэгулярна. Падчас нашага інтэрв’ю Глазкін знаходзіўся ў Беларусі, у вёсцы Плешчаніцы. Ён не выключае, што ў будучыні яшчэ паўдзельнічае ў вайне.

«Цяпер Саюз добраахвотнікаў Данбасу распаўсюджвае інфу, што хутка будуць збіраць людзей на паўднёвы напрамак, у раён Азоўскага мора. Наступ будзе па-любому, думаю, бліжэй да вясны».

***

Дзяніс Глазкін – не адзіны баявік, які заяўляў, што яго завербавалі беларускія сілавікі. У студзені 2017 года экс-баец «ЛНР» Сяргей Трафімаў, распавёў пра сваю супрацу з КДБ у якасці «інтэрнэт-троля». Пасля публікацыі пракуратура Луганскай вобласці абвесціла: з нагоды інфармацыі, якая з’явілася ў СМІ, распачатае следства паводле ч. 5 арт. 260 Крымінальнага кодэксу Украіны (удзел у незаконных узброеных фармаваннях, што пацягнула за сабою гібель людзей). Пакуль працягваецца расследаванне, сам баявік знаходзіцца ў Беларусі на свабодзе.

Улічваючы закрытасць беларускіх сілавых структураў ад прэсы і надзвычайную далікатнасць пытання, рэдакцыя belsat.eu на сённяшні дзень не лічыць мэтазгодным звяртацца па каментар да КДБ і ГУБАЗіК у сувязі з гэтай гісторыяй.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў