Бацькі забіраюць дзяцей са школы. Школы не супраць


Калі няма агульнага рашэння, кожны прымае рашэнне самастойнае. Пакуль Аляксандр Лукашэнка думае, ці працягваць школьныя вакацыі, на 7-14 дзён іх працягваюць сваім дзецям бацькі.

Напаўняльнасць класаў чыноўнікі маюць спраўдзіць у выходныя дні, на аснове лічбаў – кіраўнік краіны хоча прыняць рашэнне, ці адкрыюцца 6 красавіка школьныя класы. Хто з бацькоў хоча засцерагчы дзяцей і сябе ад небяспекі захварэць на Ковід-19, пішуць заявы аб тым, што забіраюць дзіця дамоў на акрэслены тэрмін.

Hавiны
Лукашэнка думае працягнуць школьныя вакацыі на тыдзень
2020.04.03 13:26

Пра гэта бацькі паведамляюць у сацыяльных сетках. Некаторыя кажуць пра разуменне з боку дырэктараў. Іншыя – не забіраць забараняюць, але папярэджваюць пра магчымае зніжэнне адзнак для такіх вучняў.

«Так, многія сапраўды перасцерагаюцца, і гэта не дзіўна, – кажа мама вучня чацвёртага класу Вольга Блажэвіч, – Мы ў сям’і таксама вырашылі часова пакінуць сына дома, балазе адміністрацыя ставіцца з разуменнем і я маю магчымасць пабыць дома. Бо цяпер даглядаю малодшага».

Спадарыня Вольга напісала заяву «па сямейных абставінах» на два тыдні – ад 6 красавіка. Займацца з сынам гатовая самастойна. Марк навучаецца ў Менскай гімназіі № 23 і не хоча адстаць у ведах ад аднакласнікаў.

«У іншы час у нас за наведваннем уважліва сочаць і, калі ўзнікае пытанне не наведваць заняткі такі доўгі тэрмін, трэба мець дастаткова важкую прычыну», – дадае Вольга.

Марк – не адзіны вучань у класе, які не пойдзе ў школу пасля афіцыйных вакацыяў, і таму цяпер разам з настаўніцай бацькі абмяркоўваюць магчымасць дыстанцыйнага навучання.

Прававы бок пытання

Школьная праграма. Фота «Белсат»

Ці маюць права бацькі прыпыняць навучанне, а школы – адмовіць ім у гэтым – Belsat.eu запытаўся ў праваабаронцы Алега Волчака.

«Дастаткова напісаць заяву і падаць прычыну – у сувязі з каронавірусам і каб забяспечыць дзіцяці бяспеку. Пазначыць, дзе будзе знаходзіцца дзіця і ўзгадніць з адміністрацыяй школы і класным кіраўніком», – патлумачыў Алег Волчак.

Самакіраванне, якое ўтварылася з-за адсутнасці афіцыйнага каранціну ў краіне, праваабаронца назваў «народнай ініцыятывай», у якой зацікаўленыя абодва бакі: і школа, і сям’я.

Пакінуць дзяцей дома шматлікія настаўнікі неафіцыйна прасілі бацькоў яшчэ да вакацыяў, калі колькасць пацверджаных выпадкаў захворвання каронавірусам у Беларусі пачала расці.

Hавiны
У вакацыі настаўнікі будуць «выседжваць гадзіны» замест таго, каб пайсці на каранцін
2020.03.27 10:33

На інтэрнэт платформе «Зручны горад» збіраюць подпісы пад петыцыяй з патрабаваннем працягнуць вакацыі ў школах.

«У сувязі з няяснай і пагрозлівай эпідэміялагічнай сітуацыяй, а таксама прымаючы пад увагу вопыт суседніх краін, просім падоўжыць вакацыі ў школах Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў петыцыі.

Урады большасці краін свету часова закрылі навучальныя ўстановы, спрабуючы стрымаць распаўсюд пандэміі COVID-19, паведамляе ЮНЭСКО.

Напрыклад, у нашай заходняй суседцы Польшчы – заняткі ў школах прыпынілі да каталіцкага Вялікадня. Дзеці вучацца дыстанцыйна да 14 красавіка.

Анастасія Русецкая Belsat.eu

Стужка навінаў