Баскетбаліст, які скончыў універсітэт у ЗША, размаўляе па-беларуску


Аляксандр Куль узгадвае, што ў ягонай роднай вёсцы большасць ужывала трасянку. Але гэта не перашкодзіла яму навучыцца размаўляць на чыстай беларускай мове.

Ён гуляў за нацыянальную зборную Беларусі па баскетболе ў складзе маладзёвай зборнай. Пасля скончыў амерыканскі ўніверсітэт і прафесійна гуляў у баскетбол у Еўропе. І веданне беларускай мовы ніяк не зашкодзіла міжнароднай кар’еры.

Увесь гэты досвед прыдаўся, калі Аляксандр Куль стаў маркетынгавым дырэктарам у баскетбольным клубе «Цмокі-Менск». «Мне было прыемна, што я маю магчымасць прывабіць беларускамоўную аўдыторыю да баскетболу, а спартовую – да беларускай мовы і культуры», – узгадвае ён.

Аляксандра Куля цешыць, што ўсё болей моладзі камунікуе міжсобку па-беларуску.

«Без мовы няма культуры, а культура – гэта аснова нацыі», – тлумачыць ён і заклікае падчас сёлетняга перапісу насельніцтва ў пытанні № 12 пазначыць беларускую мову роднай.

Hавiны
Перапіс: звярніце ўвагу на пытанне нумар 12
2019.10.09 10:00

Прыхільнікаў беларускай мовы непакоіць, што вынікі гэтага перапісу будуць яшчэ больш сумнымі, чым папярэдняга. Тады, у 2009 годзе, роднай беларускую мову назвалі ўсяго 53,2 % насельніцтва. На 20 % менш, чым падчас перапісу 1999 года.

«Белсат» выступае за сапраўднае раўнапраўе дзяржаўных моваў. Менавіта таму мы разам з партнёрамі распачалі грамадскую кампанію «Беларускамоўны», у межах якой быў зняты гэты відэаролік.

Падрабязней пра кампанію «Беларускамоўны».

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў