Баранавічы, Бабруйск, Барысаў… Якія новыя вобласці варта стварыць у Беларусі?

Пасля перапісу насельніцтва, які запланаваны на кастрычнік 2019 года, адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі могуць перагледзіць. Гэтак, парламентарыі ўжо атрымалі заданне паглядзець, як яго можна змяніць з улікам развіцця, урбанізацыі, дэмаграфіі, міграцыі. Але ж якія канкрэтна ідэі разглядаюць улады, невядома.

Пра тое, што трэба змяніць у адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам Беларусі, belsat.eu расказаў выканаўчы дырэктар Інстытуту дэмакратыі і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе Зміцер Кухлей, які быў стваральнікам аналітычнага дакументу рэформы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.

1309 адміністрацыйных адзінак

Сёння адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі складаецца з трох узроўняў. Першасны ўключае 1152 сельсаветы, 8 пасялковых і 14 гарадскіх саветаў раённага падпарадкавання. Другі ўзровень – гэта 118 раёнаў і 10 гарадоў абласнога падпарадкавання, трэці – шэсць вобласцяў і Менск.

Адміністрацыйны падзел ВКЛ. Фота: wikimedia.org

Як адзначыў Зміцер Кухлей, пра неэфектыўнасць і неадпаведнасць памерам Беларусі трохузроўневай сістэмы пачалі казаць яшчэ ў СССР.

«Трохузроўневая сістэмы была больш прыдатная ў часы з вялікай колькасцю сельскага насельніцтва. Зараз жа яно скарацілася і фактычна засталося толькі каля 20 %. І трэці ўзровень – сельсаветы – ужо не выконвае тыя задачы, якія былі ў 1950-1960-я гады, калі большасць насельніцтва жыла ў сельскай мясцовасці», – распавёў суразмоўца.

Таксама сельсаветы маюць мінімальныя бюджэты і паўнамоцтвы, асабліва аддаленыя ад Менску.

«Калі каля Менску, дзе зямля яшчэ мае дадатковую каштоўнасць, яны могуць распараджацца зямлёю, то ў якім-небудзь Воранаўскім раёне гэтыя сельсаветы маюць мінімальныя паўнамоцтвы», – адзначыў эксперт.

Вобласці ж адпавядалі адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму падзелу СССР. У Беларусі ж патрэбнае іх драбненне, бо некаторыя раённыя цэнтры знаходзяцца дастаткова далёка ад абласных. Гэтак, са Смаргоні бліжэй даехаць да Менску, чым да Горадні. І гэта ўскладняе кіраванне.

Адміністрацыйны падзел БССР у 1946-1954 гадах. Фота: rh.by

Ярмошына таксама за

Само змяненне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу пачалося яшчэ ў 1990-х гадах з узбуйнення сельсаветаў і аб’яднання гарадоў, якія з’яўляюцца райцэнтрамі, з тэрыторыямі навакол. У выніку гарсаветы і гарвыканкамы засталіся толькі ў буйных гарадах.

Пра неабходнасць скараціць сельсаветы часам кажа і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, бо «зараз цяжка знайсці тых жа дэпутатаў у сельскія саветы, бо колькасць насельніцтва скарачаецца, людзі адтуль з’язджаюць».

Што трэба зрабіць

На думку Кухлея, у Беларусі неабходна пераходзіць да двухузроўневага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Па-першае, трэба разбуйніць вобласці і стварыць замест іх 18-20 новых адміністрацыйных адзінак (вобласцяў, паветаў ці ваяводстваў). Кандыдатамі на статус рэгіянальных цэнтраў з’яўляюцца Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Берасце, Віцебск, Ворша, Глыбокае, Гомель, Горадня, Кобрын, Крычаў, Ліда, Магілёў, Мазыр, Маладзечна, Пінск, Полацк, Рэчыца, Слонім, Слуцк.

На выпадак спрэчак адносна некаторых гарадоў, якія б маглі стаць рэгіянальнымі цэнтрамі, у тых паветах, дзе існуе некалькі буйных гарадоў, прапануецца зрабіць дэканцэтрацыю пэўных уладных паўнамоцтваў.

«Напрыклад, ва ўмоўны Слонімскі павет уваходзіць таксама буйны горад Ваўкавыск. Таму некаторыя сесіі павятовай рады можна праводзіць у Ваўкавыску, або павятовы суд можна мець у Ваўкавыску ў той час, як выканаўчая ўлада будзе знаходзіцца ў Слоніме», – расказаў Кухлей.

Адзін з варыянтаў новага адміністрацыйнага падзелу. Фота: t-styl.info

Другі ўзровень – гэта каля 200-300 мясцовых самакіраванняў, якія складаюцца з гарадоў з муніцыпалітэтамі, якія абіраюцца наўпроставымі выбарамі, і воласцяў у сельскай мясцовасці.

Не рэформай адзінай

Разам з тым, адзначае Зміцер Кухлей, адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа мусіць ісці ў комплексе, бо «сама па сабе яна не прынясе выніку». У прыватнасці, яе трэба праводзіць разам з рэформай мясцовага самакіравання, у выніку якой выканкамы мусяць быць падпарадкаваныя выбарным мясцовым органам самакіравання, а не цэнтральным уладам.

«Зараз саветы фактычна не маюць сваіх выканаўчых органаў, бо выканкамы падпарадкоўваюцца ўраду, фактычна прэзідэнцкай вертыкалі», – расказаў аналітык.

Таксама неабходна рэформа падатковай сістэмы, каб мясцовыя самакіраванні мелі падатковую базу для таго, каб забяспечваць адпаведныя паслугамі насельніцтва і менш залежыць ад рэспубліканскіх уладаў, якія могуць аказваць ціск і ўплываць на іх рашэнні.

Лукашэнка змяніў межы Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны і Меншчыны

Не чапаць, пакуль працуе

Што датычыць першых крокаў уладаў, то, як мяркуе суразмоўца, у бліжэйшыя гады яны могуць пайсці на ўзбуйненне сельскіх саветаў.

«У нашых прапановах гэта з’яўляецца першым этапам – павялічыць колькасць жыхароў сельсаветаў прынамсі да 10 тыс. чалавек. Бо 10-15 тыс. чалавек – з’яўляецца нормай для эфектыўнага самакіравання, для таго, каб папаўняць мясцовы бюджэт. Яны, можа быць, не да такой лічбы будуць павялічваць, але ж, я думаю, што будзе працягвацца ўзбуйненне сельсаветаў», – заявіў ён.

Таксама некаторыя раёны, у якіх істотна змяншаецца колькасць насельніцтва, могуць далучыць да іншых. Асабліва гэта характэрна для ўсходніх рэгіёнаў, дзе, паводле Змітра Кухлея, некаторыя раёны згубяць у бліжэйшыя гады да паловы насельніцтва ў параўнанні з 1990-мі гадамі. Там нават эканамічна неэфектыўна ўтрымліваць раённыя выканаўчыя і выбарныя ўлады, заявіў ён. Але ж, лічыць эксперт, гэта не будзе так масава, як у выпадку з сельсаветамі.

Мсціслаў, у якім «ёсць толькі помнікі». «Белсат едзе»

Больш за тое, на думку эксперта, рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу можа запавольвацца пазіцыяй кіраўніка дзяржавы «нічога не мяняць, пакуль яно працуе і не стварае пагрозу дзейнай уладзе».

МГ belsat.eu

Hавiны