Банкруцтвы і касмічныя выдаткі: каронавірус павольна забівае сусветную эканоміку


Вайскоўцы дапамагаюць рабіць дэзынфекцыю ў аэрапорце іспанскага гораду Малага.
Фота: Lorenzo Carnero / Zuma Press / Forum

Пандэмія каронавіруса будзе мець істотны ўплыў на таўшчыню гаманца ледзь не кожнага жыхара Зямлі. Велізарныя страты, недаатрыманыя падаткі, беспрацоўе, абвалы біржавых індэксаў і абясцэньванне акцыяў – гэта ўжо рэальнасць. Далей нас можа чакаць амаль рэцэсія і касмічныя выдаткі з бюджэту.

Рэцэсія ў ЕЗ і збор сродкаў на посткаронавірусную эканоміку

13 сакавіка Еўракамісія прадставіла пакет захадаў, якія часткова кампенсуюць эканамічныя страты, выкліканыя пандэміяй каронавіруса. Раней прагназавалася, што эканоміка Еўразвязу вырасце ў 2020 годзе на 1,4 %. Цяпер жа гаворка ідзе пра тое, наколькі глыбокім будзе крызіс.

«Падзенне можа быць істотным», – заявіў нядаўна генеральны дырэктар па эканоміцы і фінансах Еўракамісіі Маартэн Вэрвэй.

Дакладныя прагнозы еўрапейскія чыноўнікі абяцаюць апублікаваць у траўні.

Табло ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева.
Фота: Alexander Demianchuk / TASS / Forum

Еўрапейскі інвестыцыйны банк гатовы сабраць € 40 млрд на падтрыманне прадпрыемстваў, якія пацярпелі падчас барацьбы з распаўсюдам каронавіруса. Грошы будуць накіраваныя на банкаўскія гарантыі і запэўніванне ім ліквіднасці, каб малы і сярэдні бізнес мог бесперашкодна крэдытавацца. Еўракамісія ў сваю чаргу збіраецца стварыць антыкрызісны фонд на € 37 млрд. Але ці дастаткова гэтых грошай?

Эксперты CEPR (Center for Economic and Policy Research) сцвярджаюць, што, каб кампенсаваць страты за 30 дзён каранціну, Еўразвяз мае выдаткаваць $ 350 млрд.

Еўрапейскі лакаматыў запаволіцца

Паралельна з прагнозамі каласальных выдаткаў публікуюцца і прагнозы запавольвання росту эканомікі. Інстытут сусветнай эканомікі ў Кіле (Institut für Weltwirtschaft або IFW) знізіў прагноз росту ВУП Нямеччыны на 0,1 % (ранейшыя прагнозы прадугледжвалі рост на 0,9 %). Галоўнымі прычынамі запавольвання росту эксперты называюць падзенне аб’ёмаў вытворчасці ў Азіі і разрыў дзелавых сувязяў.

Запавольванне кітайскай эканомікі заўважылі нават з космасу. Спадарожнікі NASA і Еўрапейскага касмічнага агенцтва зафіксавалі радыкальнае змяншэнне выкідаў аксіду азоту (NO2) у Кітаі праз спыненне працы заводаў. Навукоўцы называюць гэтыя дадзеныя візуальным доказам таго, што каронавірус паўплываў на экалогію і эканоміку.

Паводле Мюнхенскага інстытуту эканамічных даследаванняў (ifo), 56 % нямецкіх кампаніяў ужо адчуваюць негатыўныя наступствы пандэміі. У першую чаргу «карона» ударыла па турыстычнаму і гатэльнаму бізнесу, а таксама па вытворчасці электронікі. Варта памятаць, што Нямеччына на 6-м месцы ў свеце па колькасці зафіксаваных выпадкаў заражэння.

Авіякампаніі абанкруцяцца

Эксперты CAPA (Centre for Aviation) мяркуюць, што праз абмежаванні на авіяпералёты большасць авіялініяў у свеце абанкруцяцца да канца траўня 2020 года. Акцыі «EasyJet», «Wizz Air» і «Lufthansa» цягам месяца патаннелі на 57 %, 52 % i 38 % адпаведна. «Ryanair» прагназуе зніжэнне пасажырапатоку на 80 %. Некаторыя дробныя авіяперавознікі ўжо збанкрутавалі. Напрыклад, брытанская авіякампанія «Flybe».

У Нацыянальным аэрапорце, Менск 17 сакавіка 2020 г.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

SARS-CoV-2 і новая «вялікая дэпрэсія»

Банк «JPMorgan» прагназуе ў трэцім квартале 2020-га падзенне ВУП ЗША і Еўропы на 3 %. Эксперты ўпэўненыя, што свет чакае глабальная рэцэсія. Паводле апытання Чыкагскага ўніверсітэту 62 % амерыканскіх і 82 % еўрапейскіх эканамістаў бачаць перадумовы маштабнай рэцэсіі ў свеце.

Вялікая дэпрэсія – рэцэсія сусветнай эканомікі, якая пачалася з біржавога краху ў 1929 годзе і скончылася ў 1939-ым.

Усё дрэнна і ў Кітаі. У студзені – лютым 2020-га прамысловая вытворчасць у КНР скарацілася ў гадавым вылічэнні на 13,5 %, абарот рознічнага гандлю ўпаў на 20,5 %, а інвестыцыі ў асноўны капітал – на 24,5 %, паведамляе кітайскі Нацыянальны статыстычны камітэт.

Што ўсё гэта значыць і што будзе далей?

Сусветны банк прагназаваў, што ў 2020 годзе сусветная эканоміка вырасце на 2,5 %. Але пасля лакдаўнаў па ўсім свеце, відавочна, давядзецца пераглядаць прагнозы. Запавольванне эканомікі ў ЗША, Еўропе і Кітаі (2/3 эканамічнай актыўнасці ў свеце) гарантавана прывядзе да запавольвання сусветнай эканомікі.

Што ж будзе далей?

Аналітыкі кансалтынгавай кампаніі «McKinsey&Company» супольна з «Oxford Economics» спрагназавалі тры сцэнары для сусветнай эканомікі.

Паводле першага, «кітайскі вірус» удасца ўтаймаваць так жа хутка, як і ў Кітаі. Новыя выпадкі інфікавання будуць фіксавацца, але людзі змогуць вярнуцца жа нармальнага жыцця: будуць хадзіць на працу, а дзеці – у школу. У гэтым выпадку сусветная эканоміка запаволіцца да 2 %.

Другі сцэнар прадугледжвае, што каронавірус затрымаецца ў Еўропе і ЗША. Каранцін, закрыццё межаў, бараў, рэстаранаў, тэатраў, клубаў, крамаў, абмежаванне авіяпералётаў, чыгуначнага спалучэння моцна паўплывае на транспартны, гастранамічны, гатэльны і забаўляльны сектар эканомікі. Тысячы дробных бізнесменаў будуць мець каласальныя старты. Прынамсі частка такіх бізнесменаў ужо не зможа аднавіць сваю справу. Турыстычны сектар зможа ачуняць ад каранцінаў бліжэй да лета. Сусветная эканоміка запаволіцца да 1,5-1 %.

Трэці сцэнар – вірус працягвае актыўна распаўсюджвацца на паўночным паўшар’і. Пачнецца глабальная рэцэсія. Рост сусветнага ВУП можа ў такім выпадку запаволіцца да 1,5-0,5 %.

1 % сусветнага ВУП = $ 850-900 млрд (каля 15 ВУП Беларусі).

Нават найгоршы сцэнар развіцця сёлетніх падзеяў нельга параўнаць з тым, што адбывалася падчас сусветнага эканамічнага крызісу 2008 году. Нагадаем, што ў 2009 годзе сусветны ВУП упершыню з часоў Другой сусветнай вайны паказаў адмоўную дынаміку. Цяпер гаворка ідзе пра запавольванне сусветнай эканомікі і эканамічныя праблемы ў асобных краінах і рэгіёнах.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў