Балонская сістэма, размеркаванне і замежны досвед: як рэфармаваць беларускую сістэму адукацыі?

На Захадзе працадаўцы літаральна палююць на таленавітых студэнтаў і жадаюць узяць найлепшых з іх на вакантныя месцы. У нас жа большасць выпускнікоў чакае размеркаванне або моладзь самастойна шукае працу. Як гэта змяніць?

Пра хібы сучаснай сістэмы вышэйшай адукацыі і пра магчымыя шляхі змянення мы пагутарылі з кіраўніком экспертнай супольнасці «Стратэгічная думка» Аляксеям Харкевічам і аналітыкам Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзімам Мажэйка.

Студэнты становяцца валанцёрамі, каб атрымаць працоўны досвед

– У Беларусі таксама часам на размеркаванне прыходзяць працадаўцы, каб выбраць лепшых студэнтаў, – распавядае Вадзім Мажэйка. – Адзінае, што існуе заганная сістэма, калі толькі дзяржаўныя кампаніі маюць прыярытэт.

Па словах суразмоўцы, крыху інакш сітуацыя выглядае ў айцішнікаў. Па-першае, яны працуюць на вельмі прасунутыя кампаніі, якія ведаюць заходні досвед. Па-другое, у гэтай сферы – вялікая канкурэнцыя. Айцішнікі добра ведаюць, што пачынаць працаваць трэба яшчэ ва ўніверсітэце.

Вадзім Мажэйка. Фота: Ганна Вашчанка/ belsat.eu

– Вялікай колькасці людзей цяжка ўладкавацца на працу пасля навучання, бо яны не маюць практычнага досведу. На мой погляд, гэта шмат у чым пытанне ініцыятыўнасці самога студэнта. Бо мы зараз назіраем шмат студэнтаў, якія прыходзяць на практыку з адзіным жаданнем: падпішыце мне дзённік практыкі, а я нічога рабіць не буду. Адпаведна, калі такі чалавек выпускаецца з універсітэту, ні дня не працаваўшы па сваёй спецыяльнасці, і не можа працаўладкавацца, дык пытанне трэба задаваць не ўніверсітэту ці дзяржаве, а самому выпускніку, – кажа Вадзім Мажэйка.

Калі ўжо і прыводзіць у прыклад заходнія ўніверсітэты, то там студэнты добра ведаюць, што перадусім трэба мець практычны досвед. Чаму, напрыклад, на захадзе так развіта валанцёрства? Студэнты добра разумеюць: у гэтую кампанію за грошы мяне не возьмуць, а валанцёрам туды трапіць больш шанцаў.

Дыплом – гэта не гарантыя наяўнасці ведаў

Аляксей Харкевіч кажа, што ў Беларусі сістэма вышэйшай адукацыі пабудавана інакш. Напрыклад, студэнт «Гарварду» адразу разумее, што ў яго больш шанцаў на працаўладкаванне. Бо, па-першае, такое навучанне не кожны можа сабе дазволіць. Па-другое, там студэнты «абрастаюць» вялікай колькасцю сувязяў і знаёмстваў.

Аляксей Харкевіч. Фота: БАЖ

– У нашых рэаліях ускосна да такой сістэмы можна аднесці хіба што Акадэмію кіравання пры прэзідэнце і ў вельмі малой ступені – БДУ, – кажа эксперт. – Другое адрозненне беларускай сістэмы адукацыі ад заходняй у тым, што ў нас больш фармальна ставяцца да выстаўлення адзнак. Напрыклад, за мяжой дзяўчына, якая знаходзіцца на 9 месяцы цяжарнасці, не будзе здаваць іспыты, бо яна павінна займацца здароўем, нараджаць дзіцёнка. У нас жа так: «ой, трэба неяк увайсці ў становішча і паставіць ёй добрую адзнаку». Праз такі і шэраг іншых сітуацый вышэйшая адукацыя стала ў Беларусі ледзь не ўсеагульнай.

Таксама ў Беларусі шмат людзей вучацца завочна – што не гарантуе якасць ведаў. І працадаўцы разумеюць: дыплом, атрыманы студэнтам, – гэта не гарантыя наяўнасці ведаў.

Як змяніць сітуацыю?

Вадзім Мажэйка мяркуе, што файнай рэфармацыяй мог бы стаць пакрокавы пераход да Балонскай сістэмы. І вось якія перамены ён лічыць асноўнымі:

– прыманне, разуменне і распаўсюд акадэмічнай этыкі, акадэмічнай свабоды, а таксама развіццё рэальнага студэнцкага самакіравання;

– падвысіць заробкі выкладчыкам, каб забяспечыць ім годнае жыццё. Пры гэтым мусяць быць падвышаны і патрабаванні да саміх выкладчыкаў;

– студэнты і выкладчыкі мусяць ведаць, як універсітэт зарабляе і выдаткоўвае грошы;

– размеркаванне павінна быць не прымусовым, а добраахвотным. Каб размеркаванне не ламала лёсы моладзі, якую прымусова адпраўляюць працаваць у вёску, але каб тыя, хто не можа знайсці сабе працу, мелі магчымасць разлічваць на працоўнае месца.

Аляксей Харкевіч вылучае крыху іншыя перамены, якія добра адбіліся б не толькі на сістэме адукацыі, але і на эканоміцы краіны:

– вярнуць вышэйшай адукацыі элітарнасць. То бок больш жорсткі кантроль ведаў, мінімум завочнай адукацыі, скараціць наборы, каб быў вышэйшы конкурс і каб на старце адбіралі самых лепшых, падвысіць патрабаванні ў працэсе навучання;

– Зараз, на мой погляд, да студэнтаў ставяцца вельмі лаяльна, асабліва калі гэта платнікі, – тлумачыць эксперт. – Гэта ўжо трактуецца ВНУ не як адукацыйны працэс, а як аказанне адукацыйных паслуг. То бок табе чалавек заплаціў – ты павінен гэта адпрацаваць. Такая сістэма вельмі заганная.

– паменшыць ролю дзяржавы ў адукацыі: бюджэтная адукацыя мусіць быць зведзена да мінімуму. Бо бясплатнае не цэніцца;

– падвысіць заробкі выкладчыкам.

Фота: Jan Vašek/Pixabay

Што будзе, калі нічога не мяняць? І ці запрацуе калі-небудзь Балонская сістэма?

– Любая адукацыя залежыць ад дэмаграфічных фактараў, – тлумачыць Аляксей Харкевіч. – Зараз такі перыяд: у малодшых класах вельмі шмат людзей, а ў старэйшых – мала выпускнікоў. Калі нічога не рабіць, то прыток студэнтаў зменшыцца праз 4-5 год.

У пачатку XXI стагоддзя мы перажывалі роўна той жа працэс: пакаленне 80-х скончылі школу, было вельмі шмат выпускнікоў школ і іх трэба было кудысьці прыстройваць. Яны стваралі пагрозу для рынка працы, бо шмат з іх былі патэнцыйнымі беспрацоўнымі – і ВНУ атрымалі распараджэнні павялічваць наборы. Стварыўся прэцэдэнт: вышэйшая адукацыя стала, па сутнасці, усеагульнай. Зараз выпускнікоў у школах вельмі мала, і ВНУ зноў перажываюць складаны перыяд.

Вадзім Мажэйка лічыць, што вялікі патэнцыял у развіцці вышэйшай адукацыі ў Беларусі мае Балонская сістэма. Але яна мусіць запрацаваць фактычна, а не намінальна як гэта адбываецца зараз.

⁃ Але для таго, каб сістэма запрацавала, усе павінны зразумець, што такое Балонскі працэс, з чаго ён складаецца, і пачаць спрыяць пераменам не проста на словах. І ініцыяваць гэтае ўсё павінны як студэнты, так і выкладчыкі, – кажа Вадзім Мажэйка.

Разам з тым, набліжэнне Беларусі да прынцыпаў еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі шчыльна звязанае са зменамі ў палітыцы, эканоміцы – бо еўрапейскія прынцыпы адукацыі і сённяшняя беларуская палітычная і эканамічная мадэль не да канца сумяшчальныя.

Ганна Вашчанка, фота аўтара і БАЖ belsat.eu

Hавiны