Азербайджанскі «Socar» паставіць у Беларусь да 1 млн тонаў нафты ў 2020 годзе

Кіраўнік канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў заявіў, што цягам 2020 года Беларусь набудзе да 1 млн тонаў азербайджанскай нафты. Пастаўкі будзе ажыцяўляць кампанія «Socar».

2 сакавіка прэм’ер Беларусі Сяргей Румас правёў перамовы з прэзідэнтам азербайджанскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі «Socar» Раўнагам Абдулаевым. На сустрэчы прысутнічаў і кіраўнік канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў.

Прэс-сакратар беларускага прэмʼера Аляксандра Ісаева апублікавала ў сваім Facebookʼу заяву Андрэя Рыбакова.

«Абʼёмы будуць нарошчвацца з году ў год. Гаворка ідзе пра абʼёмы сёлета – да 1 млн тонаў нафты. Гэта будзе вызначацца кожны месяц зыходзячы з эканамічных, лагістычных складнікаў і г.д. Але гэта будзе на пастаяннай аснове», – адзначыў Андрэй Рыбакоў.

Падчас сустрэчы Сяргей Румас патлумачыў, што Беларусь не збіраецца «на дадзеным этапе цалкам адмаўляцца ад паставак расейскай нафты» і «абавязаная дыверсіфікаваць пастаўкі да пэўнага ўзроўню».



«Мы знаходзімся ў пошуку надзейных партнёраў, з якімі можна заключыць доўгатэрміновыя кантракты. Як паказвае практыка, «Socar» можа быць надзейным партнёрам. Таму Беларусь зацікаўленая ў заключэнні доўгатэрміновага кантракту на пастаўку азербайджанскай нафты. Гэтую нафту мы плануем перапрацоўваць на Мазырскім НПЗ з выкарыстаннем нафтаправода Адэса – Броды – Мазыр», – заявіў кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Румас.

Як Беларусь выходзіць з нафтавага крызісу? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык

1 студзеня 2020 года Расея спыніла падачу нафты на беларускія НПЗ, што прывяло да зніжэння загрузкі вытворчых магутнасцяў.

ЮВ belsat.eu

Hавiны