«Азартная гульня з лёсам». Беларускія дактары – пра сітуацыю ў краіне


Новы каронавірус за лічаныя месяцы захапіў цэлы свет. Пра захады супрацьстаяння і асабістай бяспекі ды COVID-19 мы паразмаўлялі з дактарамі.

Адсутнасць інфармацыі правакуе паніку

На дзень 1 красавіка пацверджаныя больш за 840 тысяч выпадкаў заражэння, памерлі больш за 43 тысячы чалавек, амаль 185 тысячаў вылекаваліся.

У Беларусі вельмі доўга ўлады адмаўлялі не толькі прысутнасць віруса ў краіне, але і ўвогуле яго існаванне. Толькі нядаўна Міністэрства аховы здароўя пачало агучваць лічбы. Згодна з мапай, якую стварылі адмыслоўцы з Універсітэту Джонза Гопкінза, на дзень 1 красавіка ў Беларусі пацверджаныя 163 выпадкі заражэння, 2 асобы памерлі, 53 вылекаваліся.

Нястача інфармацыі правакуе паніку і ўзнікненне розных чутак, якія нярэдка аказваюцца фэйкамі.

«Цяжка працаваць у чутках, вось у гэтых настроях. Дзесьці хтосьці штосьці пачуў, кагосьці вынеслі, кагосьці ўнеслі, хтосьці памёр, хтосьці ўваскрэс… Крайне цяжка», – адзначае загадчык дыягнастычнага аддзялення Менскай гарадской інфекцыйнай больніцы Ігар Гуцалюк.

Доктар запэўнівае: беларускія медыкі маюць лекі, якімі карыстаюцца іхныя калегі з іншых краінаў.

«Мы як дактары ў нашай інфекцыйнай больніцы намагаемся ўдасканальвацца, увесь час рыхтуемся, мы ўвесь час на сувязі з нашымі калегамі, увесь час праводзяцца вэбінары з Італіяй, з Кітаем, і ёсць інфармацыя. Мы можам, мы ведаем як, мы будзем дапамагаць», – запэўнівае доктар.

Чаму не ўводзяць каранціну?

Ігар Гуцалюк зазначае, што не Міністэрства аховы здароўя і дактары прымаюць пастанову ўводзіць каранцін у краіне, а вышэйшыя структуры.

«Каранцін бывае розны. Калі мы маем на ўвазе каранцін у Кітаі ды Італіі – я мяркую, на гэты момант гэта будзе немэтазгодна. Каранцінныя захады ў межах самаізаляцыі, каранцінныя захады ў навучальных установах – магчыма, так», – разважае Ігар Гуцалюк.

Доктар медычных навук Іван Жыльцоў мяркуе, што ёсць і іншы чыннік, праз які ўлады не прымаюць суворых захадаў.

«Укараненне жорсткіх каранцінных захадаў аўтаматычна азначае поўнае спыненне эканамічнай актыўнасці на тэрыторыі. На гэта трэба наважыцца, а колькасць захварэлых у нас адносна невялікая. Інфекцыя, прынамсі паводле афіцыйнай інфармацыі, распаўсюджваецца дастаткова павольна, робіць уражанне кантраляванай», – кажа Іван Жыльцоў.

Hавiны
Румас распавёў, колькі грошай плануецца накіраваць на падтрымку эканомікі ва ўмовах пандэміі
2020.04.02 10:14

Доктар сочыць за колькасцю захварэлых: яна мае лінейны рост, то бок расце ў арыфметычнай прагрэсіі ды пакуль не загінаецца моцна ўверх экспаненцыйна.

«Вялікая спакуса ў гэтым выпадку паспрабаваць згуляць, так бы мовіць, у азартную гульню з лёсам. То бок, можа быць, калі мы справімся з эпідэміяй зробленымі захадамі, то ўдасца пазбегнуць істотнага эканамічнага спаду. Мне падаецца, што менавіта праз гэта [не ўводзяць каранціну. – Заўвага Belsat.eu]. Зноў жа, жыццё пакажа», – адзначае Іван Жыльцоў.

Чаму Беларусь не закрыла межаў?

Еўрапейскія краіны, якія суседзяць з Беларуссю, яшчэ ў сярэдзіне сакавіка пазакрывалі свае межы. Расея нядаўна таксама гэта зрабіла. Беларусь жа дасюль вітае гасцей.

Журналіст «Белсату» Алесь Сіліч прыляцеў з Бельгіі ў Беларусь, калі ў краіне яшчэ не было каранціну для тых, хто прыязджае. Падчас пашпартнага кантролю ў менскім аэрапорце яго запыталі, адкуль ён прыляцеў, ніхто не спраўджваў тэмпературы ды не браў мазка.

«Ёсць нарматыўныя дакументы, у якіх ёсць пералік краінаў [з небяспечнай эпідэміялагічнаю сітуацыяй. – Заўвага Belsat.eu]. На жаль, гэтыя дакументы не так хутка змяняюцца, як бы нам хацелася. Як бы мне хацелася як доктару», – кажа Ігар Гуцалюк.

На дзень 1 красавіка ў Бельгіі зарэгістраваныя 14 тысяч выпадкаў заражэння каронавірусам.

Hавiны
Пнеўманія ў Віцебску: Клаўся ў больніцу першым, а праз тыдзень нас ужо было 60 чалавек
2020.04.01 13:58

У той жа час Гуцалюк мяркуе, што ўжо няма сэнсу закрываць межы.

«Вірус ужо ў нас у краіне. Ён будзе цыркуляваць. Для мяне як доктара ўжо абсалютна не важна, прывёз яго чалавек з-за мяжы ці атрымаў яго тут. Вірус ужо тут і будзе рабіць сваю справу», – мяркуе доктар.

Ці можна зрабіць аналіз на COVID-19?

Пакуль што здаць аналіз на наяўнасць COVID-19 можна толькі ў дзяржаўных медычных установах. Але! Проста прыйсці і зрабіць яго нельга, трэба мець прычыну.

«Мы займаемся хворымі людзьмі. То бок калі чалавек вярнуўся і пачынае адчуваць нейкія праблемы са здароўем, не трэба нікуды хадзіць. Выкліч хуткую дапамогу, скажы, што прыехаў з Францыі, з Італіі, да цябе прыедуць і забяруць. Прывязуць у больніцу, там возьмуць мазкі, там шпіталізуюць хаця б для назірання. А там далей будзем разбірацца», – запэўнівае загадчык дыягнастычнага аддзялення Менскай гарадской інфекцыйнай больніцы Ігар Гуцалюк.

Hавiны
Качанава: «Прымаць экстраныя меры, я думаю, пакуль няма неабходнасці»
2020.04.01 10:27

Калі чалавек адчувае сябе абсалютна нармальна, але хоча ўпэўніцца, што не мае віруса, то доктар раіць паспрабаваць звярнуцца – прынамсі ў Менску – у сваю паліклініку. Вось толькі ёсць пэўныя праблемы менавіта з тым, як гэты вірус сябе праяўляе.

«Напрыклад, для гэтай інфекцыі паказальна, што людзі, якія маюць яе ўнутры, могуць даваць першасныя адмоўныя аналізы. Зноў жа, людзі, якія не маюць [віруса. – Заўвага Belsat.eu], а якія маюць нейкія іншыя паталогіі, не звязаныя з інфекцыйнымі працэсамі, могуць даваць станоўчыя аналізы», – тлумачыць Ігар Гуцалюк.

Калі гэта скончыцца?

Шмат якія еўрапейскія краіны цяпер набліжаюцца да піку захваральнасці ці ўжо яго перажываюць. Пасля сітуацыя мусіць пайсці на спад.

«Ёсць вельмі асцярожныя прагнозы, што ўсё можа скончыцца да лета. Гэта хутчэй не прагнозы, а меркаванні», – кажа доктар медычных навук Іван Жыльцоў.

Hавiны
Набываем маскі: ад медычных за Br 1,25 да дызайнерскіх за Br 4
2020.04.01 12:15

Што можа зрабіць кожны з нас?

У першую чаргу вельмі важна, каб людзі былі адказныя. Калі вы вярнуліся з краіны, дзе небяспечны эпідэміялагічны стан, сядайце на два тыдні на хатні каранцін і не парушайце яго. Людзі, якія не маюць праяваў каронавіруса, могуць быць яго носьбітамі.

Прытрымлівайцеся правілаў асабістай гігіены: мыйце рукі, апрацоўвайце іх дэзынфектарам, прыкрывайце рот сурвэткаю, калі чхаеце ці кашляеце. Пазбягайце месцаў, дзе шмат людзей. Калі можаце рабіць сваю працу дыстанцыйна, то лепей не хадзіць у офіс. Працоўныя паверхні і розныя прылады таксама лепей апрацаваць дэзынфектарам (стол, клавіятуру, мышку, мабільны тэлефон і г. д.).

Памятайце, што пенсіянеры ды людзі з высокім ціскам ці дыябетам – у групе рызыкі.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Hавiны
Як не заразіцца каронавірусам? Тлумачым у малюнках
2020.03.02 14:34

Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Стужка навінаў