Сёння, 9 лістапада, каля 8:00 у Свіслацкім раёне адбылося ДТЗ з удзелам аўтобуса адной з вайсковых частак Берасцейскага гарнізона, піша Гродзенская праўда.
Як распавёў намеснік камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання палкоўнік Анатоль Булаўка, у аўтобусе знаходзіўся 21 чалавек. Афіцэры з Берасця накіроўваліся на планавыя мерапрыемствы ў Горадні. На трасе Берасце-Горадня каля Свіслачы кіроўца не справіўся з кіраваннем, у выніку чаго аўтобус з’ехаў у кювет, ёсць пацярпелыя. Аўтобусам кіраваў вадзіцель з трыццацігадовым стажам з грамадзянскага персаналу.
Усе пацярпелыя былі дастаўленыя ў Свіслацкую раённую бальніцу. Як паведаміў галоўны доктар Ілля Турко, пасля доктарскага агляду дзесяць чалавек шпіталізаваны.
«Ніхто з пацярпелых у рэанімацыйных мерапрыемствах не меў патрэбы. У чатырох – розныя пераломы, але сурʼёзнай пагрозы здароўю няма. У бальніцы ёсць усё неабходнае, каб аказаць патрэбную дапамогу», – адзначыў Ілля Турко.
З Гродна прыехала брыгада дактароў – спецыялістаў высокай кваліфікацыі. Яны правядуць больш паглыблены агляд пацярпелых.
КА, belsat.eu