Асуджаны за тэрарызм напаў на людзей у Лондане. Яго застрэліла паліцыя

У Лондане малады мужчына напаў з нажом на мінакоў. Некалькі людзей пацярпелі, а самога нападніка застрэлілі паліцыянты, паведамляе BBC.

На месцы тэракту ў Лондане. Фота: Alex Lentati / Zuma Press / Forum

Інцыдэнт адбыўся 2 лютага на поўдні Лондану. Каля дзвюх гадзін дня па мясцовым часе мужчына зайшоў у краму і напаў з нажом на людзей. Потым ён выйшаў на вуліцу і атакаваў жанчыну на ровары. На злачынцы быў, верагодна, муляж пояса смяротніка.

На месца прыбылі паліцыянты, якія застрэлілі нападніка.

У выніку нападу тры чалавекі былі параненыя, адзін з іх знаходзіцца ў цяжкім стане. Паліцыя разглядае здарэнне як тэрарыстычны напад.

Нападніка клічуць Судэш Аман. Яму 20 гадоў. У канцы студзеня ён выйшаў з турмы, дзе адбываў тэрмін (3 гады і 4 месяцы) за злачынствы, звязаныя з тэрарызмам. Яго вызвалілі датэрмінова праз палову тэрміну.

Брытанскі прэм’ер-міністр Барыс Джонсан заявіў пра планы карэнным чынам змяніць сістэму ў тым, што датычыць злачынстваў, звязаных з тэрарызмам.

МГ belsat.eu

Hавiны