Італьянскую акторку Арнэлу Муці абавязалі выплаціць кампенсацыю за адмену выступаў дзеля паездкі на дабрачынны гала-канцэрт з Уладзімірам Пуціным. Калі кошты не будуць сплачаныя, Муці пагражае турэмны тэрмін, піша ВВС.
Яшчэ ў снежні 2010 года Муці павінна была выступіць на сцэне тэатра Вердзі ў горадзе Пардэнонэ на паўночным усходзе Італіі. Замест гэтага яна ўзяла бальнічны на тры дні і паляцела ў Санкт-Пецярбург, каб прыняць удзел у дабрачыннай вячэры з расейскім прэзідэнтам.
Італьянскі суд прызнаў яе вінаватай у махлярстве і прысудзіў да шасці месяцаў турмы ўмоўна, аштрафаваў на 500 еўраў і абавязаў акторку выплаціць тэатру няўстойку ў памеры 30 тысяч еўраў. Актрыса заяўляла, што ня мае магчымасці пакрыць тэатру нанесеную шкоду, і падала апеляцыю.
Si diede malata a teatro per andare al gala da Putin, Ornella Muti condannata a 6 mesi https://t.co/9M9oIeVSKH pic.twitter.com/85l065wDVf
— Corriere della Sera (@Corriere) June 14, 2019
Сёлета 14 чэрвеня Вярхоўны суд Італіі пацвердзіў вырак. Падставай для справы аб махлярстве стала падробленая медычная даведка, у якой было пазначана, што Арнэла пакутуе на запаленне трахеі, моцны кашаль і высокую тэмпературу. А пазней у прэсе з’явіліся ейныя фотаздымкі побач з Пуціным.
Цяпер 64-гадовая акторка мае 30 дзён, каб выплаціць доўг тэатру Вердзі.
ІІ belsat.eu