Арабы дапамогуць. Ці Лукашэнка адмовіцца ад расейскай нафты?


Беларусь атрымала ўнікальны шанец – дзякуючы рэзкаму падзенню цэнаў на нафту. Саудаўская Аравія можа прадаваць нафту ў Еўропу нават па $ 25 за барэль. У нафтавай вайне за еўрапейскі рынак Саудаўскую Аравію падтрымалі іншыя краіны ОПЭК, Ірак і Кувейт. Яны таксама гатовыя знізіць кошт свайго чорнага золата. Ці наважыцца Аляксандр Лукашэнка выкарыстаць магчымасць напоўніцу – дыверсіфікаваць нафтавыя пастаўкі? Ці ўдасца Беларусі вызваліцца ад расейскай залежнасці?

Беларусь можа выйграць на зніжэнні цэнаў на нафту, але ці выйграе? Саудаўская Аравія ідзе ва-банк і прапаноўвае Еўропе нафту па $ 25 за барэль. У спісе патэнцыйных пакупнікоў Беларусі пакуль няма. Але нават падзенне кошту нафты да $ 30, якое паўстала праз канфлікт паміж Саудаўскай Аравіяй і Расеяй, азначае для Беларусі шанец. Постсавецкая краіна ўрэшце можа ад штогадовых дзяржпланаў перайсці да свабоднага рынку.

ВІДЭА
Лукашэнка шукае новага спонсара. Ці паверыць яму Захад?
2020.03.07 09:05

Яраслаў Раманчук, эканаміст, Менск:

«Такая нафта дазваляе знізіць кошты і на паліва, і на жыллёва-камунальныя паслугі. Па сутнасці скарэктаваць тую структуру тарыфаў, якую мы маем. Мы можам панізіць гэтыя сацыяльныя кошты без пэўнага шоку. Але гэта не азначае, што не будзе падзення даходу бюджэту, нават на мільярд долараў».

Нават дзірка ў бюджэце на мільярд долараў можа не выклікаць інфляцыю, калі будзе граматная палітыка Нацыянальнага банку, перакананы эксперт. Праблема акурат можа сыходзіць не ад банкіраў, а ад чыноўнікаў.

«Бачу праблему ў дзейнасці ўраду, які да гэтага часу толькі думае пра нафту, пра нейкія пазыкі, а не пра тое, каб стварыць новыя крыніцы для эканомікі, каб попыт на рублі быў большы», – працягвае спадар Раманчук.

Таму ж ураду цяпер варта сядаць і перапісаць сёлетні бюджэт, які складаўся з прагнозаў, што нафта каштуе $ 60 за барэль.

«Гэта не першы год, калі Закон аб бюджэце трэба выкінуць. Акурат тая сітуацыя, калі трэба сядаць усім: і Нацыянальнаму банку, і ўраду, і незалежным экспертам – і распрацаваць рэалістычны бюджэт, а не палітычна-папулістычны. Бо тое, што мы маем, – гэта дэкларацыі, пад якімі няма ніякага фундаменту», – упэўнены Яраслаў Раманчук.

ВІДЭА
Нафтавая вайна Лукашэнкі з Пуціным канчаецца
2020.02.29 09:13

Імклівае падзенне коштаў на нафту дазваляе не толькі скарэктаваць эканамічную мадэль Беларусі, але і адсекчы раз і назаўсёды расейскую нафтавую пупавіну. Тую ж арабскую нафту па заманлівым кошце можна набываць у Саудаўскай Аравіі і прапампоўваць, як і азербайджанскую сыравіну, праз трубаправод Адэса – Броды адразу на Мазырскі НПЗ.

Ігар Тышкевіч, эксперт Украінскага інстытуту будучыні, Кіеў:

«Тэарэтычна Беларусь на працягу года-двух можа выйсці на тое, што 50 % ці 70 % нафты яна можа браць з альтэрнатыўных крыніцаў, без вялікіх фінансавых стратаў, але не ў гэтым годзе. Чым важная саудаўская дамова, што Беларусі трэба выйсці на гарантаваныя доўгатэрміновыя кантракты, якія будуць дзейнічаць у 2021 годзе».

Навошта тады віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас рапартуе, што Беларусь перадала новыя прапановы аб пастаўках нафты, і расейскі бок іх прыняў? Паспяшаліся?

«Беларусь не будзе адмаўляцца ад расейскай нафты, ад вялікіх расейскіх кампаніяў. Таму што як бы гэта ні было, гэта гарантаваныя аб’емы. Калі казаць пра перспектыву, то гэта калі Беларусь пачне працэс вяртання, або ўваход за ўласнасць нафтаправода на Вэнспілс», – мяркуе Ігар Тышкевіч.

ЗША дэкларавалі, што гатовыя ўкладваць да $ 1 млрд у развіццё нафтавай інфраструктуры, каб знізіць залежнасць рэгіёна Трохмор’я ад Расеі. У першую чаргу размова ідзе пра краіны Балтыі, Польшчу, Венгрыю, Румынію і нават Харватыю. Але і Беларусь з Украінай маглі б скарыстацца прапановаю, каб было жаданне і палітычная воля.

ВІДЭА
Як БелАЭС пасварыла Менск і Маскву
2020.02.25 06:35

Ігар Тышкевіч:

«Гэта магчымасць становіцца рэальнай для Беларусі, калі яна пачынае камунікаваць з урадамі суседніх дзяржаваў. На што могуць пайсці гэтыя сродкі? На завяршэнне барацьбы за нафтаправод Полацк – Вэнтспілс, весці яго мадэрнізацыю і рамонт».

Пакуль у спрэчцы Саудаўская Аравія выглядае больш пераканаўча. Каралеўства не толькі зніжае кошты да $ 25 за барэль, але кампанія «Saudi Arabic» дэкларуе, што павялічаць аб’ёмы здабычы сыравіны на 1 млн барэляў за дзень, што дазволіць ёй патроіць пастаўкі нафты ў Еўропу. Адказ на пытанне, хто выйграе ў нафтавай гонцы, відавочны.

Стэвэн Блёкманс, аналітык Цэнтру даследаванняў еўрапейскай палітыкі, Брусель:

«Ёсць адна хітрасць. Расейскія экспартныя рэсурсы абапіраюцца ў першую чаргу на нафту і газ. І калі з падачай Саудаўскай Аравіі цэны ў гэтай сферы будуць паніжаныя, расейскай эканоміцы будзе нанесены непрапарцыйны ўдар».

Удар «усходняму брату» можа нанесці і Беларусь, калі нарэшце наважыцца адмовіцца ад расейскага чорнага золата.

Наста Ільіна, belsat.eu

Калаж з фота: Natalia Fedosenko/TASS/Forum, Aleksey Nikolskyi/Kremlin Pool

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 13.03.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

 

 

Стужка навінаў