Арабскія дзяржавы прад'явілі Катару ультыматум з 13 пунктаў


Арабскія дзяржавы, якія раней абʼявілі аб увядзенні транспартных і гандлёвых санкцый супраць Катара, прадʼявілі Дохе новы ультыматум. У сумеснай заяве ад імя ўрадаў Саудаўскай Аравіі, Егіпта, Бахрэйна і Абʼяднаных арабскіх эміратаў пералічаныя 13 патрабаванняў, на выкананне якіх катарскім уладам адводзіцца роўна 10 дзён.

Пра гэта паведамляе «Голас Амерыкі».

У ліку патрабаванняў – неадкладнае закрыццё міжнароднага тэлеканалу «Аль-Джазіра» (раней некаторыя арабскія дзяржавы неаднаразова абвінавачвалі тэлеканал у прадстаўленні трыбуны для ісламісцкай прапаганды), адмова ад умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краінаў рэгіёну і спыненне падтрымкі тэрарыстычных арганізацыяў, сярод якіх «Ісламская дзяржава», «Аль-Каіда», «Хезбола» і іншыя. Акрамя гэтага, Доха павінна абмежаваць дыпламатычныя і гандлёвыя адносіны з Тэгеранам і выслаць з краіны чальцоў іранскага «Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі» і тэрарыстаў, якім, як сцвярджаюць у арабскіх сталіцах, Катар дае прытулак.

Адначасова, Катар павінен пагадзіцца выплаціць чатыром дзяржавам грашовыя рэпарацыі (сума не называецца), кампенсуючы эканамічныя страты, панесеныя з-за «ўмяшання ва ўнутраныя справы» гэтых краін. У заяве гаворыцца, што выкананне гэтых патрабаванняў будзе правярацца штомесяц на працягу першага года, а ў наступныя 10 гадоў – кожныя тры месяцы.

Улады Катара заявілі, што не збіраюцца абмяркоўваць умовы «зневажальных ультыматумаў».

«Стаўкі толькі што былі паднятыя, прычым самым драматычным чынам. Санкцыі, уведзеныя Саудаўскай Аравіяй, ААЭ і іншымі два тыдні таму не прынеслі чаканага выніку. Катар застаецца непахісным, адпрэчваючы ўсе абвінавачванні і прыцягваючы сабе ў дапамогу Іран і Турцыю. Спіс патрабаванняў, вылучаных цяпер, вельмі зневажальны для Катара: закрыццё яго знакавага тэлеканалу «Аль-Джазіра», напрыклад, пакладзе канец спробам Катара зацвердзіцца на міжнароднай медыя-карце», – каментуе сітуацыю аглядальнік Бі-бі-сі Фрэнк Гарднэр.

З пачатку чэрвеня ўжо 10 краін разарвалі дыпламатычныя стасункі з Катарам. Сярод іх – Саудаўская Аравія, Егіпет, Бахрэйн, Йемен і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Катар абвінавачваюць у падтрымцы тэрарызму і дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў арабскіх дзяржавах.

 

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў