Апошні дзень з Пампэа

Аляксандр
Фядута
паліткансультант

Быў такі стары савецкі фільм з Аркадзем Райкіным у галоўнай ролі. Зваўся «Мы з вамі недзе сустракаліся».

Для моладзі, якая не ў курсе, – даведка. Аркадзь Язэпавіч Райкін быў бліскучым акцёрам-трансфарматарам, які ўмеў у лічаныя секунды пераўвасабляцца. Мяняе касцюм, апранае маску, ледзь карэктуе інтанацыі голасу і – о, цуд! Быў мужчынам – стаў жанчынай! Быў кіраўніком – стаў кліентам швейнай майстэрні! Быў цвярозым – стаў… Хоць, ужо тут зусім неабавязкова мяняцца. Але, у любым выпадку, некалі ўсенародна любімы артыст дагэтуль захоўвае некаторую колькасць прыхільнікаў, асабліва сярод старэйшага пакалення.

Аляксандр Лукашэнка і Майк Пампэа ў Менску. фота Nikolai Petrov / TASS / Forum

Дык вось, сябры мае, – куды там Райкіну да Лукашэнкі! Гэты і без пераапранання так мяняецца, што люба-дорага. Галоўнае: трэба разумець, з кім ён праз хвіліну будзе размаўляць. Размаўляе з журналістам з «Гандэльсблят» – згадае, што не ўсе дрэннае ў гісторыі Нямеччыны было звязанае з вядомым Адольфам Гітлерам. Размаўляе з расейскім губернатарам – у дакладнасці як Павел Іванавіч Чычыкаў памяне, што ў губерню яго заязджаеш як у рай, а дарогі – дакладна шаўковыя (гэта, вядома, маё перабольшанне, але інтанацыі дакладна чычыкаўскія).

1 лютага 2020 году ён размаўляў з дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампэа. І знайшоў магчымым нават памянуць аб даўнім знаёмстве. Завочным, праўда, але знаёмстве.

З такім жа поспехам – і з значна большаю падставай Аляксандр Рыгоравіч мог бы сказаць пра сваё даўняе завочнае знаёмства з Езусам Хрыстом: у рэшце рэшт, прадстаяцелі двух найбуйнейшых хрысціянскіх цэркваў з ім размаўлялі, а некаторыя з іх нават сына яго дабраславілі. Праўда, сустрэча са спадаром Пампэа абяцае стаць некалькі больш выніковай.

Па-першае, дзяржаўны сакратар адмахнуўся ад пытання вонкавапалітычнай арыентацыі афіцыйнага Менску: маўляў, не нашая гэта справа; у вас з Расеяй – свой шлюб. Гэта, так бы мовіць, адмазка на ўсе выпадкі жыцця, калі раптам Пуцін прыпрэ да сценкі з пытаннем, ці не інтрыгаваў Пампэа з Лукашэнкам супраць Расеі. Не, не інтрыгавалі, вось у нас і даведка з гэтай нагоды за подпісам дзяржсакратара маецца, можна сказаць.

Майк Пампэа: ЗША гатовыя забяспечваць Беларусь нафтай на 100 %

Па-другое, спадар Пампэа адназначна заявіў, што ЗША гатовыя забяспечыць Беларусь на 100% энерганосьбітамі. Гэта ўжо некалькі больш сур’ёзна. Праўда, як правіла, Расея ж пакупкі энерганосьбітаў у сябе, каханай, па выніку і крэдытавала, а нашыя ўлады гэтыя крэдыты радасна бралі ў надзеі, што яшчэ раз нас перадыктуюць, а расплачвацца будзе ўжо Коля Лукашэнка, калі вырасце. Зараз жа заяву Пампэа ўжо выклікала відавочную ўхмылку найбольш артадаксальных ідэолагаў расейскай імперскасці: маўляў, ну-ну, давайце хлопцы, танкерамі ды цыстэрнамі забяспечце бесперабойную пастаўку на свой «Нафтан».

Па-трэцяе, дзяржаве – члену АДКБ прапанавана актывізаваць супрацу з NATO. Тут ужо ніхто не ўсміхаецца, а адмазкі ад гэтай прапановы Пампэа ня сфармуляваў. Рэакцыю Расеі і асабіста спадара Пяскова, імаверна, даведаемся познім вечарам – ці ўвогуле ў панядзелак. Крамлю спяшацца няма куды, а Лукашэнка – хай пакуль павісіць у стане некаторай нявызначанасці.

А вось чацвёртае – яно зусім непрыемна. Гэта як перачніца, спустошаная прама над вашым дэсертам. Санкцыі, накладзеныя на Беларусь Вашынгтонам, знятыя не будуць. Гэта значыць, вядома, мы гатовыя падтрымаць ваш суверэнітэт пастолькі, паколькі вы будзеце гатовыя купляць у нас нафту і звадкаваны газ. Але пытанне аб правах чалавека ў Беларусі нас хвалюе.

Вяртанне амбасадараў, падтрымка незалежнасці. Чаго чакаць ад візіту Пампэа ў Беларусь?

Гэта азначае, што амбасадар ЗША, можа быць, і прыедзе ў Менск, але вось цалкам размарожаныя адносіны з Беларуссю будуць выключна па выніках прэзідэнцкіх выбараў. І ніяк інакш. Інакш цяперашні дзень з Пампэа ўвойдзе ў гісторыю як першы і апошні адначасова. Ачольваць гей-парад ад Лукашэнкі не патрабуюць (пакуль), але другога разгону «Плошчы» пажадана не дапускаць. Калі, вядома, яна збярэцца.

Але на гэтае пытанне спадар Пампэа адказу не дае. З гэтым – да спадара Севярынца.

Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў