Аператара не прапусцілі ў суд, бо ён меў пры сабе камеру


У памяшканне суду Фрунзенскага раёну Менску 9 студзеня не прапусцілі Дзмітрыя Буянава – тэлеаператара, які супрацоўнічае з «Белсатам». Па ўказанні памочніцы старшыні суду Ганны Жураўскай, Буянаву не дазволілі прайсці, бо ён меў пры сабе камеру.

Буянаў збіраўся асвятляць адкрыты адміністратыўны працэс над удзельнікамі вулічных пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй.

Як паведамляе сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў, памочніца старшыні суда Ганна Жураўская, якая сустракала прэсу на ўваходзе, заявіла, што Дзмітрый Буянаў «працуе на «Белсат», і дала ўказанне ахове не прапускаць яго ў будынак.

Буянаў пакінуў заўвагу ў кнізе скаргаў і прапаноў суда, бо мяркуе, што Жураўская перавысіла службовыя паўнамоцтвы, а ейнае ўказанне лічыць незаконным.

БАЖ звярталася да ўладаў з прапановай дазволіць журналістам праходзіць у будынкі суду і праносіць прафесійную тэхніку для ажыццяўлення сваёй дзейнасці па прад’яўленні дакумента, які сведчыць асобу, альбо службовага пасведчання, без асабістага дазволу сакратароў судоў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў