Аператара-фрылансера аштрафавалі за супрацу з «Белсатам»


Агульная сума штрафаў – 1134 рублёў.

Аператара-фрылансера з Магілёва Міхаіла Аршынскага, які супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат», сёння 7 траўня двойчы судзілі па ч.2 арт. 22.9 КаАП РБ («Незаконны выраб прадукцыі СМІ»).

У Магілёўскім абласным судзе Міхаіла судзілі за сюжэт аб пратэсце супраць павышэння коштаў на паліва. Там ён спрабаваў абскардзіць папярэдняе вырашэнне суда.

«Суд цягнуўся каля 30 хвілінаў. Я зачытаў свой выступ, і суддзя літаральна адразу вынес вырак. Нават не сыходзіў у дарадчы пакой. Мы былі ў шоку – такога ніколі не было», – кажа Міхаіл.

Суддзя Рыгор Качалаў пакінуў у сіле папярэдні вырак – 20 базавых штрафу ці Br 540.

Вынік другога суда — постфактум

Пра другі суд, у Горках, Міхаіл даведаўся, калі ўжо атрымаў рашэнне суда – 22 базавыя велічыні штрафу (Br 594). Пакаранне было за сюжэт пра дарогі ў вёсцы Стан Горацкага раёну.

Аператар будзе абскарджваць вырашэнне судоў. За сюжэт аб павышэнні коштаў на паліва разам з праваабаронцамі рыхтуе скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. А вырак Горацкага суда паспрабуе абскардзіць у абласным Магілёўскім судзе.

Ноч у РАУСе?

Увечары 7 траўня стала вядома, што Міхаіла Аршынскага затрымалі і адвезлі ў РАУС. Па стане на 22:30 ён знаходзіўся ў Ленінскім РАУСе Магілёва.

«Па стане на 22.30 ён знаходзіцца ў Ленінскім РАУСе Магілёва. У РАУСе паведамілі, што ён затрыманы да суда за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства ў межах артыкула 23.34 КаАП», – паведамляе Telegtam-канал праваабарончага цэнтру «Вясна».

  • 5 і 6 траўня ў Магілёве адбыліся акцыя падтрымання блогера Сяргея Ціханоўскага.
Абноўлена
У Магілёве затрыманы аператар Міхаіл Аршынскі і ўдзельнікі сустрэчы з каналам «Краіна для жыцця»
2020.05.07 23:36

Журналістаў «Белсату» часта пераследуюць за працу без акрэдытацыі. Агульная сума штрафаў ужо склала больш за $ 96 тыс.

КТ, ЮВ Belsat.eu

Стужка навінаў