Апазіцыя заклікала расейцаў прызнаць нелегітымнай Дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы


Алена Анісім, Анатоль Лябедзька, Юрась Беленькі, Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Алесь Арэстовіч. Фота belsat.eu

Прадстаўнікі палітычных партый і рухаў падчас прэс-канферэнцыі ў офісе БСДП (Г) 16 снежня агучылі зварот да расейскай грамадскасці, заклікаўшы да «салідарнасці ў абарону незалежнасці Беларусі».

У звароце, пад якім падпісаліся БХД, АГП, БСПД (Г), «Народная Грамада», партыя «Зялёныя», КХП-БНФ ды іншыя, гаворыцца, што інтэграцыя «вядзе да ліквідацыі беларускай дзяржаўнасці і фактычнай анексіі».

«Цяпер у Крамлі рэалізуюць імперскія планы супраць Беларусі і хочуць назаўжды ператварыць беларусаў і расейцаў у ворагаў. Далучэнне да РФ Беларусі непазбежна прывядзе да яшчэ большай ізаляцыі Расеі на міжнародным узроўні як краіны-агрэсара, што зноў ударыць па дабрабыце звычайных расейцаў», – адзначаецца ў дакуменце.

Беларускія апазіцыянеры таксама выказалі ўдзячнасць тым, хто выходзіў на пікеты супраць інтэграцыі ў Расеі і папрасілі іх і далей далучацца да падобных пратэстаў.

«Мы заклікаем вас не пасягаць на чужую незалежнасць, а разам салідарна змагацца за ўстанаўленне ў нашых краінах дэмакратыі», – дадаюць аўтары звароту.

Як паведаміў belsat.eu Анатоль Лябедзька, гэты зварот будзе апублікаваны ў сацсетках, а таксама накіраваны асабіста некаторым расейскім апазіцыйным палітыкам – Леаніду Гозману, Уладзіміру Рыжкову ды інш.

Hавiны
Расейскі апазіцыянер: «Калі вы будзеце страляць, Пуцін не пойдзе на анексію»
2019.12.12 17:05

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што адрознівае «планы расейскага ўраду і расейскага грамадства» і ў сувязі з гэтым просіць удзельнікаў далейшых акцый у Беларусі «не выкарыстоўваць лозунгі, якія абражаюць расейскіх грамадзянаў».

Нагадаем, пікеты супраць інтэграцыі адбыліся 7-8 снежня ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Абноўлена
«Гэтага саюзу не павінна быць». Два дні запар пратэсты супраць інтэграцыі. ВІДЭА
2019.12.07 17:17

КА belsat.eu

Стужка навінаў