Апазіцыйныя праймерыз адмяняць пакуль не будуць: чакаюць рашэння Міністэрства аховы здароўя


Праймерыз у Пінску.
Фота: facebook.com/adziny2020

Сустрэчы ў рэгіёнах для вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі адмяняць пакуль не плануюць.

Старшыня «Руху за свабоду» Юрась Губарэвіч 15 сакавіка перамог на сустрэчы з грамадзянамі ў Пінску. Яго падтрымалі 48 чалавек з 101, хто ўзяў удзел у галасаванні. Другое месца ў сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца – 45 галасоў.

Раней Юрась Губарэвіч перамог у Гарадку і напярэдадні ў Драгічыне, а Павел Севярынец – у Віцебску, Наваполацку, Мёрах, Шаркаўшчыне, Паставах, Лепелі, Бярозе і Берасці. У адсотках лідара «Руху за свабоду» падтрымалі 29,8 % удзельнікаў галасавання, сустаршыню БХД – 56,4 %. У Вольгі Кавальковай, Аляксея Янукевіча і Мікалая Казлова сумарна каля 13 %.

Hавiны
Папулярныя тэлеграм-каналы заклікаюць увесці ў Беларусі каранцін
2020.03.15 12:41

Сваю перамогу Юрась Губарэвіч у каментары belsat.eu патлумачыў вялікай колькасцю ўдзельнікаў, якія не належаць да апазіцыйных арганізацыяў.

«І ў Драгічыне, і ў Пінску я пабачыў велізарную колькасць новых людзей. І мясцовыя актывісты, якія як правіла ў такіх гарадах ведаюць адзін аднаго, таксама пацвярджалі, што прыйшлі невядомыя людзі. Але, гледзячы па настроях, гэта тыя людзі, якія хочуць зменаў у Беларусі. Якія хочуць, каб Беларусь працавала па-новаму. Гэта той электарат, на які я асабіста абапіраюся ў гэту кампанію. Людзі, якія разумеюць, што акрамя лозунгаў і заклікаў на плошчу, павінен таксама быць адказ на пытанне, а што далей і як будзе будавацца Беларусь без Лукашэнкі», – сказаў палітык.

Юрась Губарэвіч. Фота belsat.eu

Таксама ён пракаментаваў магчымасць спынення праймерыз праз сітуацыю з каронавірусам. Паводле яго, арганізатары выбараў адзінага кандыдата абапіраюцца на пазіцыю Міністэрства аховы здароўя.

«Яны хіба адзіная структура, якая ведае рэальную сітуацыю. І калі палічаць, што існуе сур’ёзная небяспека, якая патрабуе ўвядзення каранціну, ды абвесцяць гэты каранцін, і будуць у тым ліку абмяжоўваць масавыя падзеі ды сходы, натуральна, што мы прыслухаемся да іх меркавання. І гэта будзе падставай для адмены ці пераносу далейшых сустрэчаў. Але на сёння такога рашэння з іх боку няма», – падкрэсліў Юрась Губарэвіч.

Hавiны
У Беларусі каранціну не будзе. І вось чаму
2020.03.15 11:36

Між тым Міністэрства аховы здароўя ў адказ на «панічныя настроі» і крытыку «дзеянняў, або, як многія лічаць, бяздзеянняў» паведаміла, што ў Беларусі не плануецца ўводзіць каранцін. Межы краіны застануцца адкрытымі, апроч тых, якія зачынілі суседнія краіны, навучанне ў школах, ВНУ і дзіцячых садках працягваецца.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў