Бераце «нізкі старт» за трыма гваздзічкамі і плюшавым мішкам? Пакуль не позна, спыніцеся. Мы падрыхтавалі антырэйтынг найгоршых падарункаў да 8 сакавіка.
Падарункі – гэта справа вельмі асабістая, кожны мае розныя густы і жаданні, таму парадаў-аксіёмаў тут быць не можа. Тым не менш, метадам бліц-інтэрв’ю мы высветлілі, якія падарункі, хутчэй за ўсё, могуць не спадабацца сучаснай жанчыне.
1. Рондлі з накрыўкамі і без, патэльні
[/vc_column_text]
Рондаль – адзін з найменш чаканых падарункаў Фота Frédérique Voisin-Demery
Калі вы віншуеце са святам, то няхай і падарунак будзе святочным. Нашыя суразмоўцы найчасцей узгадвалі менавіта рондлі як самы непажаданы прэзент. Гэта прылады хатняй працы, якую найчасцей у беларускіх сем’ях выконваюць жанчыны. З дня на дзень, круглы год (ну, можа акурат акрамя 8 сакавіка). Лішні раз нагадваць сваёй жанчыне пра боршч не варта, калі яна не Лідзія Ярмошына.
Сюды ж трапляюць іншыя прылады, звязаныя з хатнімі працамі, напрыклад швабры, ёршыкі і шчоткі. Але, спадзяемся, вам гэта ў галаву і не прыходзіла.
2. Мыла, шампунь, касметыка
Мыла з супермаркету – не найлепшы прэзент
Даўно мінулі тыя часы, калі добрае мыла, шампуні, бальзамы а таксама наборы касметыкі былі дэфіцытам. Калі вы «па інерцыі» прыпыніліся ля паліцы з шампуням, то лепш ідзіце далей. Гэта нават не банальны, гэта ўжо недарэчны падарунак. З касметыкай і парфумаю ўвогуле трэба быць асцярожным – калі ў гульню ўваходзяць водары, маркі, густ, памыліцца вельмі лёгка. А набор крэмаў супраць цэлюліту і маршчынаў можа і абразіць.
Адзіным выключэннем можа быць эксклюзіўнае хэнд-мэйд мыла, якое робяць малымі партыямі з натуральных кампанентаў і якое мае больш эстэтычных функцыяў, чым уласна «адмывальных».
3. Плюшавыя мішкі, керамічныя слонікі
Мядзевдзікі і зайчыкі – падарункі для дзяцей Фота Björn Láczay
Калі падарунак адрасаваны асобе, старэйшай за 12 гадоў, то ён не мае права быць забаўковым мядзведзікам! Нават (тым больш!) калі ён белы і трымае ў лапках сардэчка. Нават калі гэта зайчык, а не мядзведзік. Або кракадзіл.
Сюды ж трапляюць танныя кітайскія сувеніры, якія можна паставіць на палічку для збору пылу. Гэта ўсё – непатрэбныя рэчы, якія выкінуць шкада, але… рана ці позна ўсё ж апынуцца ў сметніцы.
4. Жоўтыя цюльпаны. Чырвоныя гваздзікі
З кветкамі можна памыліцца
Кветкі на 8 сакавіка – гэта вельмі прадказальна. Што, зрэшты, не азначае, што гэта кепскі падарунак ці дадатак да падарунку. Адзінае пажаданне – няхай гэтыя кветкі не будуць «дзяжурнымі». Тры жыдзенькія гваздзічкі. Адна ружа другой свежасці. Цюльпаны – якія былі. У краме з кветкамі не глядзіце, што купляюць іншыя мужчыны і ўвогуле абстрагуйцеся ад таго, што вы бачылі ў школе і дружным працоўным калектыве, ад таго, як гэта робяць «усе». Вы можаце папрасіць прадавачку скампанаваць букет менавіта з тых кветак і дэкаратыўных раслінаў, якія палічыце найлепшым спалучэннем.
5. «Са святам, прадстаўніцы слабога полу!»
Для прыхільніц фемінізму і эмансіпацыі сам факт віншавання можа быць непрыемным. Бо 8 сакавіка можа асацыявацца акурат з дыскрымінацыяй, савецкасцю і падкрэсліваннем ролі жанчын як «слабога полу». А яшчэ – падставаю падняць кілішак «за слабы пол».
Падрыхтаваў Зміцер Ягораў,
belsat.eu