Антоні Лібера: Каханне і палітыка – гэта толькі сродкі, якія пераўтвараюць жыццё ў мастацкі твор

Пісьменнік Антоні Лібера ў Менску. Фота «Белсат»

Раман «Мадам» Антонія Ліберы выйшаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» пры падтрыманні Інстытуту кнігі (Кракаў) ды Польскага інстытуту ў Менску ў перакладзе Марыны Шоды і быў прэзентаваны ў беларускай сталіцы. «Мадам» – адзіная мастацкая кніга слыннага польскага аўтара.

У новай зале Дому кнігі «Светач» прайшла творчая сустрэча са знакамітым польскім пісьменнікам, перакладчыкам і тэатральным рэжысёрам Антоніем Ліберам і ўпершыню адбылася прэзентацыя беларускамоўнага выдання ягонага раману «Мадам». Імпрэза прайшла ў 25-ты сезон Польскага інстытуту ў межах Месяца польскай літаратуры. У зале прысутнічаў дарадца-пасланнік Амбасады Польшчы, дырэктар Польскага інстытуту ў Менску Цэзары Карпіньскі і ягоная намесніца Дарота Мамай. Літаратарка і журналістка «Белсату» Валярына Кустава пагутарыла са спадаром Ліберам.

Сустрэча з пісьменнікам. Фота «Белсат»

Пасля напісання твор вызваляецца з-пад улады аўтара

– Вы ўпершыню трапілі ў Беларусь. Якія ўражанні?

– Я гуляў па Менску. І ў Акадэміі мастацтваў у мяне была сустрэча са студэнтамі тэатральнага факультэту з лекцыяй пра Бэкета. Я звярнуў увагу на адну рэч: надоечы я быў у Парыжы. І там, як вядома, таксама ёсць шырокія бульвары. Але не такія шырокія, як у Менску. Ну, мо акрамя Шанз-Элізэ.

– Ваш раман выйшаў накладам 100 тысяч асобнікаў і перакладзены на больш як 20 моваў свету. Кожны пераклад – гэта асобная гісторыя, звязаная з лёсам кнігі, яе пераўтварэння… Беларускамоўнае пераўтварэнне «Мадам» – выпадковасць ці шанцаванне? Ці сачылі вы за лёсам перакладу?

Антоні Лібера – лаўрэат адмысловай узнагароды Таварыства польскіх перакладчыкаў, узнагароды Фонду літаратуры пры Міністэрстве культуры і мастацтва за пераклад драматычных твораў Бэкета. Узнагароджаны срэбным і залатым медалём «За заслугі перад культураю Gloria Artis» (2011, 2018). У 2011 годзе ўзнагароджаны афіцэрскім крыжам Ордэна адраджэння Польшчы. У 2016 годзе міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі адзначыў Антонія Ліберу штогадоваю прэміяй міністэрства ў намінацыі «Тэатр». У 2018-м атрымаў узнагароду імя прэзідэнта Леха Качыньскага.

– Час ад часу я падтрымліваю кантакт са сваймі перакладчыкамі на іншыя мовы. І тады нешта высвятляю, падказваю ім. І больш падрабязна тлумачу. Калі справа датычыла маіх амерыканскіх і англійскіх выданняў, то даходзіла да таго, што выдаўцы нават прасілі мяне нешта спрасціць, штосьці зрабіць больш празрыстым. Але мне падаецца, што Беларусь і Польшча маюць блізкія лёсы, і беларусам рэаліі Польшчы 1960-х гадоў, апісаныя ў творы, будуць больш зразумелыя без падрабязных тлумачэнняў.

Прамаўляе перакладчыца Марына Шода. Фота «Белсат»

– «Мадам» – твор, поўны цытатаў і адсылак да еўрапейскай класікі, своеасаблівы інтэлектуальны паядынак паміж чытачамі і аўтарам, аўтарам і перакладчыкамі… У ім і гульня, і міф, і рэчаіснасць сплеценыя. Як бы вы акрэслілі жанр твору?

– Свой раман я задумаў як пародыю, пародыю на раман-выхаванне (bildungsroman). Тое, што натуральным чынам паўставала ў XVIII–XIX стагоддзях, тое, што пісаў Гётэ як падарожжа Вільгэльма Майстэра, мне хацелася стварыць у нашым часе. Але калі галоўны герой жыве ў такой здэградаванай, шэрай рэчаіснасці і рэальнасці, ягонае выхаванне, ягоныя падарожжы атрымліваюць у гэтай сітуацыі пэўнае камічнае гучанне ды саркастычны эфект.

Натуральна, для мяне ўзор такой пародыі – «Дон Кіхот» Сэрвантэса, які задуманы і напісаны як пародныя класічнага сярэднявечнага рыцарскага раману. І Дон Кіхот – герой, які спазніўся ў сваім часе ды апынаецца ў новым, ён, яшчэ верны рыцарскаму кодэксу, выглядае смешна ды іранічна ў новым часе, дзе яму ўжо няма месца. Адтуль і ягоная сітуацыя беспрытульнасці, ён не ведае, што рабіць, пачынае змагацца з ветракамі. І ў вачах сучаснікаў выглядае летуценнікам.

Сярод наведнікаў імпрэзы дырэктар Польскага Інстытуту Цэзары Карпіньскі і яго намесніца Дарота Мамай. Фота «Белсат»

Адпаведна, як указвае нам назва, гэта адукацыйны раман. І так ці іначай вялікае месца тут будзе займаць адукацыя. Побач са сталеннем, выспяваннем галоўнага героя мы таксама, як і ў Гётэ, бачым гады навукі, тое, што ён бярэ беспасярэдне з навучання. І так мы маем тры складнікі: гэта адукацыя і навука, па-другое, гэта спазнанне кахання, і трэцяе – далучэнне ў грамадства.

І тут такі камічны парадокс: важныя не тыя ўрокі, якія ён наведвае ў школе, важныя тыя ўрокі, якія герой атрымлівае па-за школаю, перадусім тыя ўрокі гісторыі ды літаратуры, якія ён вывучае ў свой вольны час.

Трэба пытаць не мяне, а майго лірычнага героя

– Кніга мае чырвоную правакацыйную вокладку, назва таксама змушае да размаітых трактовак, дый сам сюжэт, які распавядае пра закаханасць вучня да сваёй настаўніцы… Усё гэта ў сукупнасці не можа не падштурхнуць да фантазіяў, што твор паўстаў з прыватнымі, інтымнымі перажываннямі самога аўтара. Наколькі раман аўтабіяграфічны?

– Натуральна, шмат рэчаў, згаданых у рамане, мелі свой першапачатковы ўзор у рэальнасці. Але апісаныя былі і сітуацыі, пра якія нехта апавядаў мне альбо я папросту чуў. Калі казаць пра галоўную сюжэтную лінію, якая ўсіх так непакоіць і хвалюе, то ўся яна ад а да я цалкам прыдуманая, як і мусіць быць у сапраўдным рамане.

Раман «Мадам» Антонія Ліберы. Фота «Белсат»

Да гэтай кнігі ёсць падказка, каб зразумець твор, ёсць своеасаблівы ключ на трох апошніх старонках раману. Як кажа сама назва гэтай часткі – постскрыптум («пасля напісанага») – там лірычны герой кнігі апісвае тыя абставіны, пры якіх гэты раман быў напісаны.

І вельмі важна, што герой з самага пачатку задумаў гэты раман з постскрыптумам, гэта не проста гісторыя лірычная героя, не ягоныя ўспаміны, не ягоны маналог, запісаны ад першай асобы, гэта той раман, які ён напісаў, тое, як ён увасобіў у літаратурны твор падзеі, якія з ім калісьці адбываліся. Ён, мой герой, апісвае гэта як мастацкі твор, які збіраецца выдаць у эміграцыйным выдавецтве. І, перафразуючы тое пытанне, якое вы мне задалі – ці гэты ўнутраны раман у рамане сапраўдны, аўтабіяграфічны, – то гэтае пытанне трэба было б адрасаваць майму лірычнаму герою.

Валярына Кустава, Антоні Лібера, Марыя Пушкіна, Марына Шода. Фота «Белсат»

«Мадам» распавядае пра каханне не па гадах разумнага вучня да настаўніцы французскай мовы. Усё адбываецца ў застылых рэаліях Польскай Народнай Рэспублікі. Яна – элегантная, ганарлівая жанчына, на чыё жыццё лёг цень складанай сямейнай гісторыі. Ён – разумны, надзелены літаратурнымі, музычнымі і акторскімі здольнасцямі, а часам ажно занадта вырафінаваны ў сваіх паводзінах.

Калі ў Бэкета пыталі, хто такі Гадо, то ён заўжды адказваў, што не ведае, яму невядома, хто гэта такі. І такі адказ быў не проста забаваю, калі аўтар пазбягаў пытанняў журналістаў і адбрыкваўся ад іх, ён дакладна ды шчыра адказваў заўсёды, што сапраўды не ведае, хто такі Гадо, і не ведае, ці ён існуе. І нават не можа сказаць пэўна, ці існуюць тыя персанажы ў п’есе, якія чакаюць Гадо. Мне здаецца, гэта вельмі важны момант, датычны жыцця аўтара і жыцця мастацкага твора. Пасля напісання твор вызваляецца з-пад улады аўтара і пачынае існаваць аб’ектыўна ды незалежна ад волі ягонага стваральніка.

Таму пытанне, ці былі напраўду тыя падзеі, апісаныя ў рамане, варта кіраваць да героя – і не факт, што ён на яго адкажа.

Сустрэча з пісьменнікам. Фота «Белсат»

Такіх кніг, дзе герой – аўтар фікцыйнага твору, даволі шмат. Калі звяртацца да вядомых прыкладаў, то варта згадаць «Доктара Фаўстуса» Томаса Мана, у якім галоўная дзейная асоба – прыдуманы біёграф прыдуманага персанажа. І Ман пісаў, што спосаб, якім ён характарызуе свайго героя, – той спосаб, якім той піша. То бок стыль напісання, якім стварае прыдуманы герой, і характарызуе яго найбольш поўна. Свайго героя я таксама, можна сказаць, характарызую праз той спосаб, стыль, якім ён напісаў сваю гісторыю.

Міфалагізацыя як сутнасць літаратуры

– У мяне ж цяпер пытанне да рэальнага аўтара. Вы маеце доктарскую ступень Польскай акадэміі навук, былі кіраўніком Драматычнага тэатру, шмат перакладалі, супрацоўнічалі з тэатрамі, але за ўсё жыццё вы напісалі адзіную мастацкую кнігу – «Мадам». Колькі часу на гэта сышло?

– Задума гэтай кнігі з’явілася ў мяне даўно, у 1970-х гадах. У кнізе напраўду ёсць аўтабіяграфічны момант, гэта размова з сумным хлопцам пасля настаўніцкай практыкі. Калі я заканчваў інстытут, быў такі абавязак, каб студэнты апошніх курсаў філалагічных спецыяльнасцяў адвялі пэўную колькасць урокаў у школе. Я не збіраўся быць настаўнікам, але практыку трэба было прайсці, і я скіраваўся ў свой ліцэй, які скончыў. І калі я вёў заняткі, то заўважыў хлопца за першаю партай. Ён быў вельмі абазнаны, начытаны, жывы і ўдзячны слухач, але разам з тым не выглядаў батанікам. Я пабачыў у ім сябе маладзейшага. Гэта быў адзіны вучань, якому я паставіў найвышэйшую адзнаку. І пасля сканчэння практыкі ён падышоў і захацеў спраўдзіць, наколькі праўдзівыя байкі, якія ён чуў пра мяне, ліцэйскія байкі. І аказалася, што праўда пра маю асобу ў тых байках была надзвычай невялікая, а самыя байкі такія раздзьмутыя, як снежкі, якія, калі качаюць дзеці, і з іх атрымліваюцца вялікія снежныя бабы.

Мая праблема была ў тым, ці я мусіў сказаць, што гэта прыдумка, ці падтрымаць гэты міф, каб падбадзёрыць і натхніць вучня. І я пастараўся трымацца залатой сярэдзіны. Але пасля гэтай размовы я зразумеў, што гэта гісторыя ідэальная для кнігі. Вельмі часта мы расцём з міфам вялікага мінулага. Усе кажуць, што вось раней былі часы, раней былі творцы. А цяпер творцы іншыя і часы не тыя. Чалавек расце – і раптам заўважае, што выгадавалася іншае пакаленне, якое ўжо пачынае міфалагізаваць ягоныя часы і бачыць ужо яго як увасабленне гэтага міфу.

Падчас аўтограф сесіі. Фота «Белсат»

Такая міфалагізацыя, мне здаецца, ёсць сутнасцю літаратуры. І робіць рэчы больш узнёслымі. Тое, што Дантэ ў «Боскай камедыі» стварыў цэлы свет з раем, чыстцам і пеклам, потым прымалася цэлым пакаленнем ягоных сучаснікаў як нешта натуральнае і відавочнае. Яшчэ прыкладам могуць быць «Іліяда» і «Адысея» Гамэра. Мы ведаем, што была жорсткая Траянская вайна, але ў прыгожым выкананні Гамэра гэта не проста жорсткія падзеі, але ўзнёслыя.

І мой герой меў такую мару – зрабіцца героем маленькага міфу, прынамсі школьнага, але на ўзор тых вялікіх міфаў, якія яго натхнялі.

Падчас аўтограф сесіі. Фота «Белсат»

– Раман мае моцны драматургічны складнік і, можна сказаць, структураю нагадвае музычны твор, можна параўнаць хіба з сімфоніяй паводле драматургічнай будовы. Наколькі для вас істотная рытміка і драматургія тэксту?

– Частка тэксту напрыканцы напісаная гекзаметрам, напраўду, вельмі музычна і рытмічна. І гэта не мой выбар, а выбар майго героя. І мне давялося прыстасоўвацца да яго і ствараць тэкст так, як ён гэта задумаў. Герой сцвярджае, што чым далей ён пісаў, тым больш яму хацелася ствараць раман паводле ўсіх правілаў. І ў выніку ўсе часткі раману ствараліся ім як існым творцам на ўзор той сапраўднай літаратуры, на якую можна і варта арыентавацца ў творчасці.

Падчас аўтограф сесіі. Фота «Белсат»

– Вельмі шмат у вашай кнізе і інтэлекту, і пачуцця, і асэнсавання тагачасных палітычных падзеяў ды рэаліяў. Што перадусім для вас як для аўтара?

– Для мяне найважнейшая тэма кнігі – пераўтварэнне падзеяў чалавечага жыцця ў аповесць, пераўтварэнне кожнага чалавечага жыцця ў мастацкі твор. Некаторыя думаюць, што гэта належыць толькі пісьменнікам, але напраўду гэта датычыць кожнага. Жыццё кожнага чалавека можа стацца літаратурным творам. Для мяне гэта найбольш істотна.

Каханне, палітычныя падзеі – гэта толькі матэрыял, які пераўтварае нашае жыццё ў мастацкі твор. Жыццё кожнага можа быць мастацкім творам.

Падчас аўтограф сесіі. Фота «Белсат»
  • у архівах Купалаўскага тэатру знайшлі не друкаваную раней перакладзеную Уладзімірам Някляевым «Буру» Шэкспіра, фрагменты з якой і былі выкарыстаныя ў адпаведных месцах кнігі ў беларускамоўным перакладзе;
  • частку вершаваных перакладаў зрабіў Андрэй Хадановіч;
  • ідэя перастварыць «Мадам» па-беларуску належыць былому дырэктару Польскага інстытуту ў Менску Матэўшу Адамскаму, які ў 2017 годзе запрапанаваў кнігу Міністэрству інфармацыі, а ў выніку – выдавецтву і перакладчыцы;
  • усяго было надрукавана больш за 100 тысяч асобнікаў кнігі «Мадам», яе пераклалі больш як на 20 моваў свету.

Валярына Кустава, фота ДБ belsat.eu

Hавiны