Андрэй Куціла перадаў прэмію за фільм на падтрыманне беларускіх кінадакументалістаў

«Стрыптыз і вайна». Кадр са стужкі

Фестываль дакументальнага кіно «WATCH DOCS Belarus» падвёў вынікі 5-га сезону.

У межах «WATCH DOCS Belarus» амаль 3 тысячы гледачоў наведалі паказы больш за 25 фільмаў з дзясятка краін свету, дыскусіі аб жаночым і мужчынскім спорце, дзіцячай жорсткасці і медычнай марыхуане, кінаноч, адкрытыя інтэрв’ю, лекцыі і майстар-класы.

Сёлета фестываль зрабіў новыя крокі насустрач беларускай дакументалістыцы: сабраў конкурсную праграму з пяці айчынных фільмаў, ініцыяваў краўдфандынг для першай глядацкай прэміі беларускім дакументалістам і ўключыў у праграму адукацыйныя падзеі.

Па выніках глядацкіх адзнак грашовыя прэміі атрымалі: Аляксандр Свішчанкоў за фільм «Мая Германія« і Андрэй Куціла за фільм «Стрыптыз і вайна», зняты пры падтрыманні «Белсату», (па Br 800), Галіна Адамовіч за працу «Добрых дзяўчынак не бʼюць» (Br 1300).

Фільм «Белсату» атрымаў прэмію фестывалю «Watch Docs Belarus»

Андрэй Куціла перадаў сваю прэмію арганізатарам фестывалю з пажаданнем і ў наступным годзе даваць яскравыя стымулы для развіцця беларускім дакументалістам.

«Нават пасля закрыцця гэтага сезону разам з замежнымі партнёрамі мы працягнем працу над прасоўваннем беларускага кіно і рэжысёраў на міжнародных пляцоўках. Напрыклад, у праграму наступнага Белфасцкага кінафестывалю будзе ўключаны паказ аднаго з нашых беларускіх фільмаў, а разам з ім і сустрэча рэжысёра абранай карціны з брытанскімі гледачамі», – кажа Таццяна Яворская, дырэктар фестывалю.

Арганізатары плануюць таксама адмысловы паказ дакументальнага фільма «Нацыя аднаго дзіцяці» (ЗША, Кітай, 2019), які сёлета ўвайшоў у чацвёрку лідараў гонкі за Оскар.

МГ belsat.eu

Hавiны