Анатоль Шумчанка: «У нас ёсць бачанне як трэба змагацца, у нас ёсць план»

Рынкі стаяць пустымі ўжо амаль месяц, сотні індывідуальных прадпрымальнікаў пратэстуюць па ўсёй краіне – толькі сёння віцебскія бізнесоўцы прайшлі маршам да аблвыканкаму. ІП заявілі, што не будуць плаціць падаткі яшчэ і ў наступным месяцы.

«Прашу прагаласаваць, што мы не будзем змяняць фармулёўку і за тое, каб гэты ўказ быў адменены», – заклікае Ірына Яскевіч, лідарка прадпрымальнікаў з Віцебску.

Калі ж сітуацыя ня зменіцца, прадпрымальнікі прапануюць калегам па ўсёй краіне абʼяднацца і выйсці на агульнанацыянальны сход у сталіцы восьмага лютага. Ужо ў бліжэйшы панядзелак сустрэчу прадпрымальнікаў у Менску ў гатэлі «Пекін» збірае Анатоль Шумчанка.

«У нас ёсць бачанне першапачатковае, як трэба змагацца, у нас ёсць план. Што трэба рабіць, каб дзяржава ўвайшла ў нармальны рытм у справе прадпрымальніцтва і пачала працаваць. Ня будзе ніякай перамогі – трэба проста нармалізаваць сітуацыю, ды зняць усе пытанні і мы да яе будзем ісці – пытанне часу і цаны толькі»., – зазначае Анатоль Шумчанка, старшыня ГА «Перспектыва».

Тым часам першыя саступкі, магчыма ўжо не за гарамі. На чарговым пратэсце, гэтым разам на гомельскім Прудкоўскім рынку, пра штрафы і канфіскацыю за гандаль не сертыфікаванай прадукцыяй чыноўнікі выказваюцца ўжо такім чынам…

«Паверце мы ўсё гэта ведаем, усё разумеем, было паднятае пытанне і дадзенае дакладнае даручэнне ўраду – перадусім прыпыніць штрафныя санкцыі», – апраўдваецца чыноўніца з Гомлю.

Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма, а пакуль жа канфіскаваныя тавары трапляюць у гэтак званыя крамы «канфіскатаў», дзе прадаўцы не нясуць ніякай адказнасці за якасць прадукцыі. Лідары АГП, БХД і Руху «За свабоду» у Смалявічах намагаліся зразумець, як дзяржава гандлюе тым, што канфіскуе ў ІП, нібы як няякаснае.

«Мы зайшлі ў падатковую, але там кажуць, што ўсе дакументы мусяць быць у гандлёвых кропках. З аднаго боку канфіскуецца тавар за тое, што ён невядомая якой якасці, а потым ён трапляе ў дзяржаўныя сеткі па зніжаным коштам, але натуральна – гэта наўпроставы прыбытак дзяржавы, пры гэтым спажыўцы знаходзяцца ў найгоршым стане», – распавядае Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні ГА Рух «За свабоду».

Ёсць і тыя, хто застаецца працаваць на пустых рынках, бо або гандлююць айчыннай прадукцыяй, або дастасаваліся да ўмоваў уладаў. Але гэтыя ІПэшнікі не могуць пахваліцца прыбыткамі. Адсутнасць канкурэнцыі, як не дзіўна, на карысць не пайшла – распавялі нам нешматлікія прадпрымальнікі на смалявіцкім рынку.

«За тыдзень толькі пяць адзінак, бываюць дні пустыя, за гэты адзін толькі аўторак была прададзеная толькі адная пара», – прызнаецца прадпрымальнік са Смалявічаў.

«За месяц студзень – сёння дваццаць восьмае – ніводнай адзінкі продажаў. Бо цэннік падняць ня можам, усё кантралюецца – трыццаць адсоткаў нам гэта… ніяк – ні арэнду не адбіць, нічога», – абураецца яшчэ адзін гандляр.

І нібыта ўказу №222 было мала, у айчынных прадпрымальнікаў новая праблема.

«Прыняты ўказ прэзідэнта 31 студзеня і заднім чыслом павышаецца арэндны кошт зямлі, што прывядзе да павышэння коштаў арэнды. Тыя сігналы, што паступаюць з рэгіёнаў кажуць пра тое, што многія абʼекты становяцца не рэнтабельнымі – гэта сурʼёзна», – распавядае Уладзімір Карагін, старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў.

Такім чынам амаль пустыя рынкі могуць стаць проста закінутымі. А няздольнасць мясцовых уладаў размаўляць з абуранымі людзьмі можа прывесці да таго, што такія маршы ІП будуць ужо не ў рэгіёнах, а ў сталіцы

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Hавiны