Амерыканскія пілоты выкарыстоўваюць былы беларускі Су-27 для навучання?


Знішчальнік савецкай распрацоўкі Су-27 быў заўважаны ў лістападзе гэтага году падчас вучэбнага бою з амерыканскім F-16 у штаце Невада, піша блог bmpd.livejournal.com, які звязаны з расейскім Цэнтрам аналізу стратэгіяў і тэхналогіяў.



Фота Су-27 падчас манеўраў у ЗША.

Фотаздымак Су-27, які быў зрабіў амерыканскі спотэр – аматар назірання за авіяцыяй, надрукаваў часопіс «Air Forces Monthly» у артыкуле «Flanker dogfighting with F-16 over Groom Lake».

Менавіта каля возера Грум-Лейк знаходзіцца славуты так званы «раён 51» – база Ваенна-паветраных войск ЗША, якая лічыцца месцам для выпрабавання новых мадэляў авіятэхнікі.



Беларускі Су-27.

Па меркаванні аўтара «Air Forces Monthly», самалёт – адзін з набытых у Беларусі ў 1990-я гады. Расейскія аналітыкі лічаць, што Су-27 мог быць атрыманы з Украіны ў 2008-2009 гадах.

Су-27 – савецкі і расейскі цяжкі знішчальнік 4-га пакалення, распрацаваны ў канструктарскім бюро Сухога. Беларусь мела 28 такіх знішчальнікаў у пачатку 1990-х гадоў, з іх чатыры былі прададзеныя за мяжу.

Эксплуатацыя Су-27 была спыненая беларускімі Узброенымі Сіламі ў 2012 годзе, аднак у 2014 годзе было вырашана правесці іх капітальны рамонт і мадэрнізацыю. Цяпер Беларусь карыстаецца больш лёгкімі знішчальнікамі МіГ-29.

Закрытасць інфармацыі пра дзейнасць на базе каля Грум-Лейк выклікала да жыцця шмат канспіралагічных тэорый, у тым ліку звязаных з іншапланетнікамі.



База каля Грум-Лейк.

Фанаты загадкавых таямніцаў пашыраюць гіпотэзы, што на базе захоўваюцца і вывучаюцца парэшткі іншапланетных касмічных караблёў і целаў прадстаўнікоў пазазямных цывілізацый, распрацоўваюцца «кліматычная зброя», машына часу і прылады для тэлепартацыі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў