Амерыканскі ПЭН падтрымаў Уладзіміра Арлова


Судовая позва і штраф, накладзеныя на беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова пасля публічнага чытання яго эсэ « Незалежнасць гэта…» падчас акцыі пратэсту ў Менску, з’яўляюцца парушэннем правоў на свабоду слова і сходаў, і ўсе абвінавачванні супраць яго павінны быць знятыя, гаворыцца ў заяве PEN America.

«Уладзімір Арлоў на мірным мітынгу прадэкламаваў свае разважанні аб дзяржаўнай незалежнасці. Абвінавачванне яго ў злачынстве і накладанне штрафу парушае самае фундаментальнае права на свабоду слова», – заявіла Паліна Кавалёва, дырэктар еўразійскага праекту PEN America.

У сваю чаргу Беларускі ПЭН-цэнтр распаўсюдзіў заяву, паводле якой, рашуча асудзіў парушэнне судом свабоды слова, свабоды сходаў і свабоды творчасці.

«Эсэ «Незалежнасць – гэта…» – знакавы твор для беларускай літаратуры. Тэкст напісаны ў 1990 годзе, і напрыканцы існавання СССР гучаў як голас імкнення да незалежнай дзяржавы. Уладзімір Арлоў зачытаў у судзе тэкст эсэ і таксама падкрэсліў, што, акрамя чытання літаратурнага твора, не рабіў дзеянняў, адзначаных у пратаколе як падставы прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Фактычна пісьменніка Уладзіміра Арлова прыцягнулі да адказнасці за публічнае чытанне мастацкага твора», – гаворыцца ў заяве пісьменніцкай арганізацыі.

8 снежня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску падчас мірнага сходу грамадзянаў у абарону суверэнітэту Беларусі сябра Рады ПЭН-Цэнтра, адзін з заснавальнікаў арганізацыі, пісьменнік Уладзімір Арлоў зачытаў свой літаратурны твор «Незалежнасць – гэта…».

10 студзеня Уладзімір Арлоў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і пакараны штрафам у Br 540 за ўдзел у гэтай акцыі.

Акрамя заявы ПЭН-Цэнтр апублікаваў эсэ «Незалежнасць – гэта…» на 11 мовах.

Hавiны
Украінскі ПЭН-цэнтр падтрымаў пакараных за пратэст супраць інтэграцыі
2020.01.09 18:01

СК belsat.eu

Стужка навінаў