Амерыканец, якога ФСБ затрымала за шпіянаж, прыляцеў у Маскву на вяселле сябра


Грамадзянін ЗША Пол Ўілан, затрыманы ФСБ 28 снежня па падазрэнні ў шпіянажы, прыехаў у Расею на вяселле свайго сябра. Пра гэта распавёў Бі-Бі-Сі ягоны брат Дэйвід, дадаўшы, што Пол невінаваты.

Раней у звароце, апублікаваным у брытанскай газеце «Guardian», брат затрыманага напісаў, што Пол раней служыў у марской пяхоце ЗША, але потым звольніўся ў запас. У Расею, па словах сваякоў, ён прыехаў па запрашэнні свайго сябра, таксама былога марпеха, які ажаніўся з расейкай.

Дэйвід Ўілан таксама адзначае, што ягоны брат неаднаразова наведваў Расею з 2007 года як турыст і як працаўнік кансалтынгавай кампаніі «Kelly Services», аднак усе яго візіты былі кароткатэрміновымі.

Прадстаўнік кампаніі «Kelly Services» пацвердзіў, што чалавек з такімі імем сапраўды працаваў у ёй да лютага 2016 года, аднак пакуль кампанія не можа пацвердзіць, што гэта той самы чалавек, які быў затрыманы ў Расеі.

Паводле брата, цяпер Пол працуе ў амерыканскай кампаніі «BorgWarner», якая займаецца вытворчасцю запчастак для аўтамабіляў.

Пол Ўілан паляцеў у Расею 22 снежня. Апошні раз яго сям’я кантактавала з ім 28 снежня, напярэдадні вяселля, а пра затрыманне сваякі даведаліся са СМІ.

31 снежня ФСБ паведаміла, што грамадзянін ЗША Пол Ўілан быў затрыманы 28 снежня «пры правядзенні шпіёнскай акцыі». У дачыненні да яго распачатая справа паводле артыкулу 276 КК РФ (шпіянаж). Максімальны тэрмін пакарання – 20 гадоў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў