Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Менску Джаклін Пэркінз: «Мы пакажам свету глабальную Брытанію»


Брытанія фармуе новае партнёрства ў Еўропе, якое абапіраецца на агульныя сувязі сяброўства і супрацу, аднак выступае як суверэнны раўнапраўны партнёр з незалежным голасам. Беларусь у гэтым партнёрстве займае немалаважнае месца, заявіла амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі сёння на сустрэчы з журналістамі.

Праца брытанскай амбасады ў Менску моцна актывізавалася пасля рэферэндуму аб выхадзе Вялікай Брытаніі з Еўразвязу ў 2016 годзе. Гэтаму спрыяла патрэба будаваць сваю вонкавую палітыку незалежна ад рашэнняў Бруселю.

Паводле Джаклін Пэркінз, цяпер, пасля выхаду Брытаніі з ЕЗ, беларуска-брытанскія кантакты працягнуць развівацца, аднак беспасярэдніх і рэзкіх зменаў чакаць не варта: «Не думаю, што мая праца ў Менску зменіцца. Я, як і мая папярэдніца, рупліва працую над паляпшэннем стасункаў паміж дзвюма краінамі».

Прыярытэт – развіццю гандлю

«Вялікая Брытанія будзе сусветным лідарам у галіне вольнага гандлю. Будзе прыносіць карысць бізнесу, зніжаць выдаткі для спажыўцоў і дапамагаць бяднейшым краінам свету дасягнуць сапраўднай эканамічнай незалежнасці», – заявіла амбасадарка ў сваёй прамове.

Гэтыя словы можна трактаваць і як пэўны знак зацікаўленасці брытанцаў у больш шчыльнай эканамічнай супрацы з нашаю краінай. Дарэчы, у найбліжэйшых планах – «Беларуска-брытанскі сезон», зарганізаваны 4-5 сакавіка ў Менску брытанскаю амбасадай разам з Беларускаю гандлёва-прамысловаю палатай.

Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Менску Джаклін Пэркінз. Фота https://belarusfeed.com/

«Мы бачым прагрэс у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі»

Не абышлося і без абмеркавання каштоўнасных пытанняў. Гэтак, амбасадарка адзначыла, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі паляпшаецца і бачыцца пэўны прагрэс. Што праўда, тое паляпшэнне палягае толькі на гатовасці ўладаў весці дыялог з грамадскаю і міжнароднаю супольнасцямі на гэтую тэму:

«Нашыя адносіны з уладамі Беларусі дастаткова моцныя, каб мы маглі дыскутаваць на гэтыя тэмы».

У той жа момант, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца адным з фактараў, якія могуць паўплываць на зняцце з нашай краіны санкцыяў. Нагадаем, што Брытанія захавала тыя санкцыі супраць Беларусі, якія былі раней уведзеныя краінамі ЕЗ. Аднак гэтыя абмежавальныя захады будуць пераглядаць штогод, каб маніторыць дынаміку сітуацыі ў Беларусі і ў выпадку нейкіх пазітыўных зрухаў размаўляць пра магчымую адмену санкцыяў.

«Бяспека Еўропы – гэта бяспека Вялікай Брытаніі»

«Мы дакладна ведаем: бяспека Еўропы – гэта бяспека Вялікай Брытаніі, пра што сведчыць і нашая кіроўная роля ў NATO, і інтэнсіўная супраца з нашымі еўрапейскімі калегамі аб іранскім крызісе і лівійскім мірным працэсе», – заявіла спадарыня Пэркінз.

Пэўныя рухі адбываюцца і ў гэтай сферы, і ў беларуска-брытанскай супрацы. Гэтак, паводле амбасадаркі, летась Беларусь наведвала дэлегацыя брытанскага Міністэрства ўнутраных справаў – госці сустракаліся са сваймі беларускімі калегамі, з якімі абмяркоўвалі пытанні супрацьдзеяння арганізаванай злачыннасці і дзяліліся адпаведным досведам.

Святкаванне Brexit у цэнтры Лондана.
Фота: Han Yanstephenchung / Zuma Press / Forum

У візавай палітыцы зменаў не будзе

Паводле Джаклін Пэркінз, не варта чакаць нейкіх зменаў у візавай палітыцы Вялікай Брытаніі ў сувязі з выхадам краіны з Еўразвязу. Да таго ж беларусам не варта і скардзіцца: мы маем даволі вялікі адсотак паспяховых візавых заявак – адмову атрымлівае толькі каля 2 %.

Гэтак, летась з Беларусі паступіла каля 17000 заявак на брытанскую візу. Аднак цікавы рух у адваротным кірунку. Згодна са словамі спадарыні Пэркінз, залетась больш за 13 тысячаў брытанцаў наведалі нашую краіну. А гэта прырост на траціну ў параўнанні з 2017 годам.

«Я вельмі радая, што ўсё больш людзей з кожным годам збіраецца прыехаць сюды і паглядзець, якая цудоўная краіна – Беларусь», – адзначыла амбасадарка.

Не чуваць пакуль нічога і пра сітуацыю з працоўнымі візамі. Сёлета Брытанія перабывае ў гэтак званым пераходным перыядзе, кажа спадарыня Пэркінз: «Новая сістэма працоўных візаў яшчэ толькі распрацоўваецца».

ЗМ belsat.eu

Стужка навінаў