Амбасадар РФ у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў распавёў пра кошты на газ і кампенсацыю на нафтавы манеўр

Перамовы па коштах на газ для Беларусі працягваюцца. Але бакі раней дамовіліся, якім чынам вызначаецца алгарытм фармавання коштаў, распавёў амбасадар Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, паведамляе TUT.by.

Сёння Расея ўсталявала для Беларусі самы ільготны кошт на газ у параўнанні з астатнімі партнёрамі – 127 долараў за кубаметр, лічыць амбасадар Расеі.

«Перамовы вядуцца, ёсць пагадненне, якое дзейнічае цяпер, дзейнічала ў мінулым годзе і дзейнічаць будзе ў наступным годзе. Як дадатак да гэтага пагаднення вызначаны алгарытм фармавання кошту на газ. Формула складаная, я хачу, каб яе каментавалі прадстаўнікі Мінэнерга нашых краін. Але тыя перамовы, якія будуць весціся да канца гэтага году, мяркую, дадуць самы аптымальны і камфортны варыянт у, падкрэслю, межах пагаднення», – сказаў Дзмітрый Мезенцаў.

Пасол падкрэсліў, што перамовы носяць тэхнічны характар ​​і «аптымальнае рашэнне» будзе знойдзена да 31 снежня.

На пытанне, ці атрымае Менск кампенсацыю за падатковы манеўр, амбасадар адзначыў, што расейскі бок «ўважліва паставіцца» да такога запыту беларускіх калегаў.

Раней віцэ-прэмʼер РФ Дзмітрый Козак паведаміў, што Расея і Беларусь распачнуць абмяркоўваць кошты на газ з 2020 года толькі пасля таго, які будзе вырашана пытанне аб паглыбленні інтэграцыі. Пасля іх завяршэння будзе зразумела, як бакі будуць збліжаць рынкі газу і ці будзе створаны адзіны або агульны рынак газу. Козак выказаў спадзеў, што рашэнне будзе выпрацавана ў бліжэйшы час.

Палітолаг: Масква перастала даваць нафту і газ у абмен на пацалункі

СК belsat.eu

Hавiны