Сурыкаў назваў умовы, пры якіх Масква знізіць цану на газ для Беларусі


Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што беларуска-расейскія спрэчкі аб цане на газ спыняцца толькі тады, калі Масква будзе кантраляваць унутрыбеларускія газавыя сеткі.

«Агульнага назоўніку ў прадаўца і пакупніка быць не можа. Ён можа быць, калі сам пакупнік з’яўляецца спажыўцом. А цяпер гэтага няма. Вось кажуць дайце нам цэны Смаленскай вобласці. Але ў Смаленску прадавец «Газпрам»- і ён жа сам пакупнік. А ў Менску – не. Калі мясцовыя сеткі беларускія, якія займаюцца далейшым перапродажам газу пасля атрымання ад падраздзялення «Газпраму», стануць часткай – арэнднай або нейкай часткай «Газпраму» (не абавязкова іх купляць), то тады гэта цана скразная, газпрамаўская – без усялякіх выключэнняў», – заявіў А.Сурыкаў у эфіры тэлеканалу «МИР».

Карэспандэнт тэлеканалу пацікавілася: ці магчыма гэта?

«Гэта магчыма. Трэба будзе размаўляць», – адказаў амбасадар.

Нагадаем, у красавіку 2017 года Масква і Менск вызначылі механізм фармавання кошту на газ да 2019 года ўключна. Цана на газ пачынаючы з 2020 года будзе прадметам перамоваў. Афіцыйны Менск патрабуе ад Масквы роўных умоваў для спажыўцоў газу ў Беларусі і Расеі – гэта значыць, фактычна зніжэння цаны на газ да ўнутрырасейскай.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў