Амбасада РФ у Менску патрабуе доступу да затрыманых у справе трагедыі падчас феерверку


Амбасада Расеі ў Менску патрабуе доступу да грамадзянаў сваёй краіны, якіх затрымалі беларускія сілавікі пасля трагедыі, што адбылася падчас салюту 3 ліпеня. Цяпер супрацоўнікі амбасады займаюцца пошукам адвакатаў.

Затрыманыя 25-гадовы Максім Сапронаў і 28-гадовы Канстанцін Дзянісаў. Юнакі з’яўляюцца кансультантамі кампаніі «Пиро-Росс», што пастаўляла піратэхнічныя снарады для феерверку.

«На гэты момант супрацоўнікі пасольства займаюцца гэтым пытаннем. Цяпер мы падключаем да справы адвакатаў. А таксама запрасілі ў Менску доступ да грамадзянаў Расеі. Будзем рабіць усе захады, дзеля выканання ўсіх іх законных правоў», – распавёў «Белсату» прэс-сакратар расейскай амбасады ў Менску Сяргей Араеў.

Між тым, у Следчым камітэце Беларусі заяўляюць, што «у працэсе зараджання салютных установак прадстаўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка дапусцілі парушэнне парадку працы з феерверачнымі вырабамі: яны ажыццяўлялі механічнае ўздзеянне на зарады піратэхнікі пры зараджанні марцір, не прадугледжанае правіламі абыходжання з імі».

Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для феерверку. Ад аскепкаў загінула жанчына 1955 года нараджэння ды пацярпелі не менш за 10 грамадзянаў. Асноўная версія следства – зробленыя ў Расеі феерверкі былі няякасныя.

Адметна, што да гэтага часу кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка не пракаментаваў трагічныя падзеі 3 ліпеня. У сваю чаргу з боку дзяржавы сямʼя загінулай атрымае 25 500 рублёў у выглядзе кампенсацыі, цяжка параненыя – 2 550. Тым, хто атрымаў менш цяжкія цялесныя пашкоджанні дадуць 1275 рублёў, а лёгкія траўмы – 510.

Фота
У Менску развіталіся з жанчынай, якая загінула падчас салюту
2019.07.06 16:46

СК belsat.eu

Стужка навінаў