Консульскі аддзел амбасады Беларусі даслаў амаль тром сотням беларусаў, якія стала жывуць у Польшчы, электроннае запрашэнне ўзяць удзел у запланаваных на 17 лістапада парламенцкіх выбарах.
Ведамства не выкарыстала поля BCC [схаваная копія. – Заўв. belsat.eu]. Такім чынам усе атрымальнікі даведаліся адрасы электроннай пошты іншых землякоў.
У Польшчы з траўня 2018 года дзеіць Агульны рэгламент пра ахову звестак (GDPR). Гэтая пастанова ЕЗ скіраваная на ўмацаванне аховы персанальных звестак жыхароў краінаў – сябраў ЕЗ, перадусім у лічбавай прасторы.
Новы акт прадугледжвае буйныя штрафы за яго невыкананне і парушэнне прыватнасці – да 4 % гадавога даходу кампаніі. Акрамя таго, установы мусяць цягам 72 гадзінаў даваць справаздачы аб працёку інфармацыі.
У Беларусі рэгламент не дзеіць. Улады нашай краіны адмовілася далучыцца да Канвенцыі Рады Еўропы № 108, якая ўяўляе сабою міжнародна прызнаны стандарт у сферы аховы правоў персанальных звестак. Таму комплекснага нарматыўнага прававога акту, які б рэгламентаваў парадак абыходжання з асабістай інфармацыяй беларусаў, пакуль няма. Іншымі словамі, у Беларусі адсутнічае адказнасць за неправамернае разгалашэнне персанальных звестак.
Што праўда, дэпутаты плануюць узмацніць ахову звестак пра грамадзянаў.
Паводле Управы аховы персанальных звестак, фармальна правы парушаныя, але прыцягнуць да адказнасці дыпламатычнае прадстаўніцтва наўрад ці б удалося.
«Калі б тэарэтычна нам хтосьці паскардзіўся, што ягоны электронны адрас апублікавалі без згоды, мы можам напісаць скаргу ў МЗС Польшчы, а яны – запатрабаваць тлумачэння ў амбасадзе. Аднак амбасада – экстэрытарыяльная тэрыторыя, дзе дзеяць законы Беларусі. Таму яны могуць не падпарадкоўвацца GDPR і прыкрыцца міжнароднымі прававымі нарматывамі», – адказалі belsat.eu у прэс-службе Управы аховы персанальных звестак Варшавы.
Таксама там адзначылі, што цяпер Беларусь супрацоўнічае з Польшчай у сферы ўдасканалення аховы гэткай інфармацыі. Неўзабаве мае адбыцца двухбаковая сустрэча, падчас якой польскія адмыслоўцы падзеляцца ведамі і досведам з беларускімі калегамі.
У прэс-службе ведамства belsat.eu паведамілі: да іх звярнуліся некалькі асобаў з заўвагаю, што яны маглі пабачыць шырокі спіс рассылкі. Гэта адбылося праз тэхнічную памылку, якую выправілі.
«Мы перапрасілі і правялі належныя працы», – адказаў на запыт belsat.eu прэс-сакратар дыпламатычнага корпусу Яўген Рабцаў.