Амазонкі супраць робата. Рэцэнзія на новы «Тэрмінатар»

Франшызу «Тэрмінатар» спрабавалі ўваскрэсіць шмат разоў. Заўсёды няўдала. Нарэшце, маэстра Джэймз Кэмэран вярнуўся ў крэсла прадзюсара. І нават прыдумаў сюжэт. Акрамя таго, угаварыў Тыма Мілера («Дэдпул») заняць рэжысёрскае крэсла. У тых, хто памятае і настальгуе па двух першых «Тэрмінатарах», з’явілася надзея ўбачыць трыумфальнае вяртанне ўлюбёнага сюжэту на вялікія экраны.

Надзея трымалася на тым, што новая серыя наўпрост працягне другі фільм. Здзіўляла, што зноў на экран вернецца Шварцэнэгер і адна з папярэдніх жонак Кэмэрана Лінда Гэмілтан. У класічных фільмах яна была ў ролі Сары Конар, маці лідара паўстанцаў супраць машын у будучыні. Гэта менавіта яе (а потым яе сына) хацелі забіць тэрмінатары ў двух першых фільмах.

Новы «Тэрмінатар».
Фота: Paramount

Што змянілася з часоў «Тэрмінатара-2»?

Змянілася нямногае. Цяжка сказаць, на жаль ці на радасць? Новы робат-забойца валодае цякучасцю і хуткай здольнасцю аднавіцца. Акрамя гэтага, ён можа дзяліцца напалам, вылучаючы з сябе металічны шкілет. Стары робат (Шварцэнэгер) ва ўсім паходзіць на дзеда, але яшчэ на нешта здольны. Тут ён на баку дабра. Лінда Гэмілтан старая (63 гады), але не развучылася трымаць у руках гранатамёт.

Прадзюсар Джэймс Кэмэран.
Фота: Willy Sanjuan / AP

Ёсць у фільме і новыя персанажы. Дані Рамас – лідар паўстанцаў супраць машын у будучыні. У ролі Дані – калумбійская актрыса Наталля Рэес. Яна зʼяўляецца на экране ў выглядзе наіўнай дзяўчыны і, на жаль, яе вобраз не перажывае вялікага развіцця з цягам экраннага часу. Яна становіцца смялей, але не набывае неабходнай для ролі брутальнасці. Грэйс – жанчына з элементамі кібарга з будучыні, чыя задача – абараніць Дані ад смяротнага пасланца. Яе ўвасабляе канадка МакКензі Дэвіс, якая ідэальна ўпісалася ў тэму.

Рэжысёр Тым Мілер і акторка Лінда Гэмілтан.
Фота: Paramount

Баявыя жанчыны і сцяна Трампа

Сюжэт новага «Тэрмінатара» можна назваць бенефісам фемінізму. Тры баявыя амазонкі сістэматычна даюць адпор смяротнаму робату з будучыні на працягу практычна ўсяго фільма. У другой палове да іх на падмогу прыходзіць Шварцэнэгер. Таксама актуальная тэма Мексікі і сцяны, якую на мяжы ЗША будуе злы прэзідэнт Трамп. Магчыма, для эмігрантаў сцяна непераадольная, але Тэрмінатар руйнуе яе адной левай.

Тры амазонкі.
Фота: Paramount

Ні гумару, ні меладрамы

Стэрэатыпы франшызы, на жаль, дамінуюць і ў гэтым фільме. Гумару ў ім вельмі мала. Спробы вымаўлення рэплік, якія маглі б зрабіцца крылатымі, не атрымаліся. Меладрама адсутнічае цалкам, замест яе – перажыванні і ўспаміны ваяўніц амазонак.

Шварцэнэгер і Гэмілтан.
Фота: Paramount

У астатнім развіццё сюжэту «Цёмных лёсаў» крочыць па слядах першых фільмаў. Ніякіх нечаканасцяў. Акрамя шэрагу новых трукаў і спецэфектаў. Тыя гледачы, якія стаміліся ад бессэнсоўных наваротаў у папярэдніх фільмах франшызы, могуць застацца вельмі задаволенымі. Тыя, хто хацеў бы перажыць хваляванне ад сустрэчы з новым, наўрад ці зведаюць шчасце ў выніку прагляду.

Таму «Тэрмінатар: цёмны лёс» наўрад ці захопіць уяўленне глабальнага гледача настолькі, каб здымаць да фільма яшчэ два працягі. Мая ацэнка – 5,5 з 10.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў