Альянс Расеі, Турцыі ды Ірану ў Сірыі скончыцца


Андрэй Іларыёнаў пра мэты Пуціна ў Сірыі, а таксама інтэрв’ю Аліны Коўшык з польскім экспертам пра тое, чаму прэзідэнт Турцыі абвесціў датэрміновыя прэзідэнцкія выбары менавіта цяпер?

Доктар Конрад Заштаўт з кафедры еўрапейскага ісламу Варшаўскага ўніверсітэту лічыць, што хімічная атака ў Думе – гэта велізарная праблема для Расеі.

Расейскі МЗС заявіў, што ва ўсходняй Гуце знайшлі нямецкія кантэйнеры з хлорам і дамавыя шашкі з Солсберы. То бок, яны далей паўтараюць гэтыя фэйкі. Дзе мяжа абсурду? Што яшчэ можа расказаць Крэмль пра тое, што адбываецца ў Сірыі?

Так, вядома, гэта шалёныя фэйкі, але гэтая хіматака істотна паўплывала на міжнародную сітуацыю. Я б сказаў, што яна паўплывала на альянс Расеі, Ірану ды Турцыі, які да гэтага моманту быў вельмі трывалы.

Цяпер Турцыя вельмі жорстка ставіцца да таго, што здарылася, да рэжыму Башара Асада. Турцыя заўсёды падтрымлівала антыасадаўскую апазіцыю, але ў апошнія гады атрымлівалася супраца Турцыі з Расеяй ды Іранам. Цяпер, здаецца, гэта скончыцца.

А чаму скончыцца?

Гэта пытанне ўплыву грамадства ў Турцыі на палітыкаў. Грамадства не згодна з тым, каб падтрымліваць Асада.

Ну, рэальна наколькі грамадства мае ўплыў на тое, што адбываецца ў Турцыі? У Турцыі жорсткі прэзідэнцкі рэжым, Эрдаган там асабліва нікому не дае слова.

З аднаго боку гэта так, але з іншага Эрдаган вельмі добра адчувае, што думае турэцкае грамадства. Тым больш у гэтай сітуацыі, калі мы чакаем выбараў у чэрвені, я не думаю, што Эрдаган пойдзе супраць грамадства.

Будзе падтрымліваць сваіх людзей. Вернемся да гэтага пытання, а цяпер паслухаем меркаванне вядомага расейскага эканаміста Андрэя Іларыёнава наконт таго, якія мэты Пуціна ў Сірыі.

Андрэй Іларыёнаў: Першая мэта заключаецца ў захаванні свайго кліента Асада. Ён неаднаразова казаў пасля таго, як убачыў, чым скончылася праўленне Хусейна ў Іраку і Кадафі ў Лівіі, што паўтор або працяг гэтай лініі ў Сірыі прывядзе да таго, што наступным на гэтай лінейцы можа апынуцца ён сам. Таму цалкам рацыянальныя паводзіны падтрымліваць таго, хто знаходзіцца да цябе на гэтай лінейцы. Таму што пакуль будуць займацца ім, рукі не дойдуць да яго.

Другое – гэта магчымасць запоўніць геапалітычны вакуум, які ўзнік на Блізкім Усходзе ў выніку дэманстратыўнага бяссілля Оўбамы, з усімі яго бясконцымі чырвонымі лініямі, не выкананнем абяцанняў і гэтак далей. Такім чынам публічна прадэманстраваць не толькі свайму народу, але і ўсяму свету няздольнасць заходніх дзяржаваў у ключавым тэатры ваенных дзеянняў. У той час, калі амерыканскіх войскаў там не было, Сірыя была занятая Расеяй, Іракам ды Турцыяй. У выніку аказалася, што лёс Сірыі вырашаецца не на перамовах у Жэневе, у якіх Злучаныя Штаты і Захад адыгрывалі галоўную ролю, а на перамовах у Астане ды іншых месцах, дзе лёс Сірыі вырашае Расея, Іран ды Турцыя.

Ці згодныя вы з Андрэем Іларыёнавым?

Так, я згодны, што ў апошнія месяцы або нават у апошнія паўтара года склалася такое ўражанне, што ЗША наагул не ўплывае на сітуацыю на Блізкім Усходзе і сітуацыю ў Сірыі. Што сітуацыю вырашаюць тры дзяржавы: Турцыя, Іран і Расея ў межах працэсу ў Астане. Але я б дадаў, што Асад – саюзнік Пуціна. Але ён саюзнік, які стварае вельмі вялікія праблемы Пуціну. Гэта значыць, хімічная атака ў Думе – гэта велізарная праблема для Расеі. Расея будзе абараняць Асада, нават з усімі гэтымі фэйкамі, пра якія мы гаварылі. Але гэтая сітуацыя вельмі складаная для Крамля.

Вяртаючыся да Турцыі, мы ўжо ведаем, што Эрдаган абвясціў пра датэрміновыя выбары. Для чаго яны яму патрэбныя? Што яны могуць змяніць?

Я нагадаю, што Турцыя толькі што скончыла ваенную аперацыю ў Афрыне. Афрын – гэта курдскі кантон Сірыі, які яшчэ нядаўна кантраляваўся курдамі. Цяпер ён пад кантролем Турцыі. Паспяховая гэтая аперацыя, дарэчы, таксама дзякуючы супрацы Турцыі з Расеяй, якая дазволіла гэтую аперацыю.

Тым больш Пуцін нядаўна наведаў Турцыю.

Так. Таму поспех гэтай аперацыі вядома ўплывае на грамадскую думку ў Турцыі. Гэта самы лепшы момант, каб правесці выбары. Ну, вядома ўсе здзіўлены, таму што мы чакалі выбараў восенню наступнага года.

Акрамя гэтай добрай геапалітычнай абстаноўкі для Эрдагана, якія ўнутраныя мэты ён мае?

Можна сказаць, што Турцыя пачынае новую эпоху. Таму што ў мінулым годзе ў Турцыі грамадскасць прагаласавала за новую сістэму. Парламенцкай сістэмы больш не будзе. Зараз у Турцыі будзе прэзідэнцкая сістэма і нават не будзе пасады прэмʼер-міністра. Толькі прэзідэнт будзе вырашаць усе пытанні.

Пасля гэтых выбараў поўная ўлада будзе ў руках Эрдагана. Я б сказаў, што поўная ўлада ўжо ў руках Эрдагана. Але цяпер працягваецца ваеннае становішча, якое пачалося са спробы ваеннага перавароту ў Турцыі.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 20 красавіка 2018 г.

 

Стужка навінаў