Аляксандр Лукашэнка паказаў Стывэну Сігалу буракі, капусту і моркву

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нефармальную сустрэчу з вядомым амерыканскім акторам Стывэнам Сігалам. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант.

Актор напярэдадні позна ўвечары прыляцеў у Менск. Стывен Сігал супрацоўнічае з найбуйнейшай беларускай кампаніяй-распрацоўніцай анлайн-гульняў «Wargaming». За содні свайго побыту ў Беларусі актор пабываў на кароткай экскурсіі па Менску, паспрабаваў стравы беларускай кухні і гэтак далей.

«Сёння адбылася нефармальная сустрэча з прэзідэнтам Беларусі. Пазнаёміцца з Аляксандрам Лукашэнкам Стывэн Сігал, па яго ўласным прызнанні, марыў даўно і, збіраючыся ў Менск, настойліва прасіў пра сустрэчу. Да Беларусі стаўленне ў госця асаблівае, яшчэ і таму, што, як высветлілася сёння, Стывэн Сігал – наш зямляк, ёсць яго карані і ў Беларусі», – распавяла прэс-сакратарка.

[/vc_column_text]

Спатканне Аляксандра Лукашэнкі і Стывэна Сігала. Фота БелТА

Сустрэча з Лукашэнкам атрымалася «жывой і для госця вельмі пазнавальнай», з акцэнтам на сельскую гаспадарку. Стывэну Сігалу паказалі тое, без чаго не абыходзіцца ніводная беларускае гаспадарка, найбольш папулярныя культуры – буракі, капусту, моркву. Тут жа ў полі адбылася і першая дэгустацыя, піша БелТА.

Стывэн Сігал паспрабаваў моркву з агарода Аляксандра Лукашэнкі. Фота БелТА

Назіраў сёння госць і за ўборкай бульбы, а таксама бахчавых – культуры, якая становіцца ў Беларусі традыцыйнай.

«Яшчэ пяць гадоў таму складана было ўявіць, што на нашай зямлі можна будзе вырошчваць такія кавуны, і сёння яны асабліва зацікавілі госця, – адзначыла прэс-сакратарка. – За лёгкай вячэрай у рэзідэнцыі прэзідэнта стравы беларускай кухні госці каштавалі літаральна «з градкі». Даспадобы прыйшліся халаднік, бульба і, вядома, беларускае сала. Натуральныя беларускія прадукты не пакінулі абыякавымі амерыканскіх гасцей».

МЯ, паводле БелТА

Hавiны