Алена Анісім: «Трагедыя ў Стоўбцах – вынік адсутнасці даверу паміж пакаленнямі»


Следчыя заяўляюць, што сітуацыя вакол трагедыі ў Стаўбцоўскай школе для іх ужо амаль зразумелая. Школьнік, які забіў настаўніцу і старшакласніка, а таксама параніў іншых вучняў, пачаў даваць паказанні.

Пры гэтым у Следчым Камітэце адзначаюць, што галоўная задача адмыслоўцаў вызначыць, чаму так адбылося. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, якая была абрана ў беларускі парламент ад Стаўбцоўскай выбарчай акругі, каментуючы падзеі ў школе кажа, што ў трагедыі нельга наўпрост некага абвінаваціць.

«На вялікі жах наш шлях да цывілізаванага жыцця абумоўліваецца і вось такімі выпадкамі. Я асабіста лічу, што прычынаю такіх трагічных выпадкаў з’яўляецца тое, што нашыя дзеці на жаль не ўмеюць даверыцца дарослым, падзяліцца сваймі праблемамі. А мы, як дарослыя, не заўсёды з’яўляемся тымі людзьмі, да якіх у такім выпадку можа звярнуцца падлетак, дачка, ці ўнук, умоўна кажучы, каб дапамагчы яму разабрацца ў тым, што яго хвалюе. Але гэта адвечнае пытанне даверу паміж пакаленнямі», – у размове з «Белсатам» выказала сваю думку Алена Анісім.

Алена Анісім лічыць, што ў гэтай сітуацыі вучань, які ўчыніў забойства, апынуўся ў палоне нейкіх праблемаў, нейкіх хваляванняў, хоць і не выключаецца, што нешта вонкавае яго падштурхнула на такі ўчынак.

«Выглядае, што юнак рыхтаваўся, прадумваў свае дзеянні. Ці стане вядома нам, што яго падштурхнула, ці гэта ягонае жыццёвае нейкае перакананне? Але не ў гэтым пытанне, бо юнак скалечыў не толькі сваё жыццё, але загубіў два жыцці і пакалечыў здароўе яшчэ двух падлеткаў», – дадала Алена Анісім.

Hавiны
Кіраўнік СК пра матыў нападу ў Стоўбцах: некаторыя адказы мы ўжо маем
2019.02.21 11:31

СК, belsat.eu

Стужка навінаў