Актывіст з Мастоў, якога затрымалі разам з сынам, трапіў з міліцыі ў больніцу: у яго COVID-19


Аляксандр Мілюк.
Фота: http://harodniaspring.org

Сябра каманды Святланы Ціханоўскай з Мастоў Аляксандр Мілюк 3 ліпеня вяртаўся дамоў з сынам і быў затрыманы працаўнікамі ДАІ пасля сутычкі з нецвярозым мужчынам. Абодвух міліцыянты даставілі ў мясцовы РАУС, адтуль Аляксандра забралі дактары, пазней у актывіста дыягнаставалі COVID-19. Падрабязнасці высвятляў карэспандэнт Belsat.eu.

Ішоў з сынам дамоў – трапіў у РАУС

Увечары 3 ліпеня сябра каманды Святланы Ціханоўскай- Аляксандр Мілюк – вяртаўся з сынам дамоў. Да Аляксандра падышоў мужчына ў нецвярозым стане і пачаў правакаваць на канфлікт: нецэнзурна абражаў і патрабаваў вярнуць грошы. Мілюк з сынам спрабавалі сысці. Аляксандр цвердзіў, што не ведае мужчыны, той у адказ пачаў штурхаць Мілюка. Неўзабаве спынілася машына міліцыі, у выніку абодвух мужчынаў даставілі ў мясцовы РАУС нібы праз падазрэнне ў парушэнні артыкулу 17.1 КаАП Рэспублікі Беларусь «Абразлівае прыставанне да грамадзянаў ды іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацыяў або спакой грамадзянаў і якія выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства». З Аляксандрам забралі ў аддзяленне міліцыі і малога сына, пазней хлопца забрала жонка Мілюка.

Замест ізалятару – шпіталь

У РАУСе Мілюку стала блага, міліцыянты спачатку хацелі змясціць яго ў ізалятар, але прыбылыя медыкі не дазволілі гэтага зрабіць і даставілі Аляксандра ў шпіталь. Зрабілі два тэсты на COVID-19, абодва далі станоўчы вынік.

«Цяпер ён у шпіталі, больш падрабязнай інфармацыі пастанавілі пакуль не даваць», – сказала паплечніца і сябра каманды Ціханоўскай Юлія.

Вядома, што і ў жонкі Мілюка павышаная тэмпература, аднак вынікаў тэсту пакуль няма. Ці склалі міліцыянты пратакол на Аляксандра, таксама невядома.

Трэцяе беспадстаўнае затрыманне за месяц

За апошні месяц Аляксандра Мілюка затрымлівалі некалькі разоў. Спачатку, каб апытаць наконт правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага ў Горадні 29 траўня. Пазней да яго дамоў прыходзілі міліцыянты з дактарамі, каб адправіць Аляксандра на каранцін. А таксама затрымлівалі працаўнікі ДАІ, калі Мілюк ездзіў да бацькоў.

Паплечнікі Аляксандра Мілюка адзначаюць, што неўзабаве ён сам распавядзе падрабязнасці.

АК Belsat.eu

Стужка навінаў