Актывіст Пётр Маркелаў аб соднях на Акрэсціна: «Гэта сапраўдны здзек!»

Актывіст «Моладзевага блоку» Пётр Маркелаў правёў 10 содняў адміністрацыйнага арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску. Малады чалавек ужо некалькі разоў трапляў за краты, але кажа, што гэты арышт быў найбольш жорсткім.

Мэтанакіраваныя здзекі

Пятра Маркелава затрымалі, калі ён прыйшоў на суд Лізаветы Пракопчык і Данілы Лаўрэцкага. Хлопец прылёг на лаву, чым выклікаў абурэнне міліцыянтаў. Тыя скруцілі Маркелава, арыштавалі і асудзілі на 10 содняў – з 11 па 21 траўня за «хуліганства» і «непадпарадкаванне законным патрабаванням».

«Яны проста мэтанакіравана здзекаваліся! – кажа актывіст. – У камеры 24 гадзіны гарэла святло. Атрымліваецца, што я цемры не бачыў усе гэтыя 10 дзён».

Пятра Маркелава затрымалі проста ў судзе

Пётр распавядае, што першыя два дні заключэння адміністрацыя ЦІП пастаянна заходзіла ў камеру ўначы, і прымушалі ўсіх падымацца. Кажа, што заснуць было немагчыма. А днём забаранялі нават ляжаць на матрацы. У дадатак начальнік ЦІП пастаянна выводзіў яго на размовы.

Пётр Маркелаў пасля вызвалення, фота: архіў героя

«У першую ноч мяне выкінулі ў адной кашулі ў бетонную яму для прагулак. Уявіце: халадно, ноч, а мяне выкінулі», – абураецца актывіст.

За пару дзён да вызвалення камеру Пятра вывялі на прагулку на цэлых 1,5 гадзіны замест звычайных 10 хвілін. Калі арыштаваным урэшце дазволілі вярнуцца назад, высветлілася, што ў камеры разлілі хлорку.

«Вельмі моцна смярдзела! Мы хутка пачалі кашляць і чхаць. Вочы слязіліся. Сапраўдны здзек», – кажа Маркелаў.

Вошы, смурод, размовы пра звалку

Пётр сядзеў разам з бяздомнымі людзьмі, якія былі залежныя ад алкаголю. У аднаго з іх – 30 гадоў турэмнага стажу.

«Мяне ўжо задзяўблі гэтыя бясконцыя размовы пра звалку», – наракае Пётр.

Актывістаў «Моладзевага блоку» будуць судзіць праз Skype

Перадачы даходзілі часткова: прапускалі ежу, аднак не перадалі кніжкі, сшыткі, асадкі. Аднак дайшлі дзве паштоўкі і тэлеграмы.

Па ўсёй камеры былі адзежныя вошы. Пасля вызвалення Пётр увесь часаўся, прышлося дэзынфікаваць рэчы.

Пётр Маркелаў, фота: архіў героя

«Я цябе замачу»

Вызваленне актывіста таксама нагадвала катаванне. Аб 11 раніцы Пятра вывезлі з ЦІП у РАУС Савецкага раёну Менску, дзе яго трымалі тры гадзіны без тлумачэння прычын. Потым вызвалілі, аднак ізноў затрымалі і вазілі па горадзе некалькі гадзін – праводзілі «прафілактычную» размову.

«Мне казаў міліцыянт страшныя рэчы. Маўляў, я цябе макну галавой, я цябе замачу. Мяне проста запіхнулі ў машыну і вазілі па горадзе!».

Пятру Маркелаву далі 10 содняў за тое, што ён ляжаў на лаўцы

Пётр кажа, што ў той момант ён не вельмі баяўся. Аднак яму было непрыемна – хлопец разлічваў ужо вызваліцца ў гэты час. Такое стаўленне ён звязвае з асабістай помстай міліцыянтаў. Зараз актывіст накіраваў скаргу ў пракуратуру, каб аднавіць тэрміны абскарджання судовай пастановы. Наступны крок – заява ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Пётр Маркелаў, фота: архіў героя

Пётр Маркелаў – актывіст ініцыятыў «Legalize Belarus» і «Моладзевы блок». Яго неаднаразова затрымлівалі за ўдзел у розных акцыях. У 2017 годзе хлопцу далі 12 содняў за стрым з акцыі супраць закона аб дармаедах, у 2018 годзе ён 3 дні правёў за кратамі за фоташоп.

Летась пасля парламенцкіх выбараў Пятра асудзілі на 14 содняў за спробу спыніць фальсіфікацыю на выбарным участку.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Hавiны