Актывіст Пятро Маркелаў на волі пасля 14 содняў арышту. ФОТА


Актывіст Пятро Маркелаў пасля 14-дзённага арышту. 23 снежня 2019 г.
Фота: Ірына Арахоўская/belsat.eu

Моладзевы актывіст Пятро Маркелаў, пакараны 14 соднямі адміністратыўнага арышту за здымкі на выбарчым участку, 23 снежня выйшаў на волю з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Сустракаць Пятра прыйшлі паплечнікі з «Моладзевага блоку», грамадскія актывісты і праваабаронцы.

Паплечнікі і сябры сустракаюць актывіста Пятра Маркелава каля Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску.
Фота: Ірына Арахоўская/belsat.eu

«Самае горшае ў ЦІП – не фактычныя ўмовы, а стаўлене супрацоўнікаў», – сказаў Маркелаў.

Актывіст адзначыў, што збіраецца абскарджваць рашэнне суду, а таксама накіруе ў адпаведную інстанцыю скаргу на «здзекі» у ЦІП. Паводле слоў Пятра, яго «адмыслова пасадзілі ў камеру да хворых людзей».

Паплечнікі і сябры сустракаюць актывіста Пятра Маркелава каля Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску.
Фота: Ірына Арахоўская/belsat.eu

Раней чалавек, які сядзеў разам з ім у адной камеры на Акрэсціна, паведаміў, што ў камеры Пятра на Акрэсціна была антысанітарыя і вошы.

Маркелаў пачаставаў сяброў хлебам, якім кармілі падчас арышту.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Падчас мінулых парламенцкіх выбараў Маркелаў быў назіральнікам на ўчастку №286 99-й акругі. Пасля таго, як ён стаў здымаць на відэа патрабаванне кандыдата ў дэпутаты Стаса Шашка пералічыць пададзеныя за яго галасы, на ўчастак прыбыў нарад міліцыі. Пасля непрацяглай размовы на назіральніка надзелі кайданкі і павезлі ў аддзел міліцыі. Яго звінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі.

Сустрэць Маркелава прыйшоў рэжысёр Максім Швед.
Фота: Ірына Арахоўская/belsat.eu

9 снежня актывіста асудзілі на 14 содняў, некалькі дзён запар адвакатка Альвіна Мінгазава не магла трапіць да Маркелава.

КА belsat.eu

Стужка навінаў