Агнешка Рамашэўская: Польшча стала прыёмнай радзімай Букоўскага


Дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская успамінае памерлага ў нядзелю 27 кастрычніка ў Вялікабрытаніі савецкага і расейскага дысідэнта Уладзіміра Букоўскага.

– Вы ведаеце, Уладзімір Канстанцінавіч, што, магчыма, вы і мне абавязаныя свабодай? – спытала я неяк Букоўскага.

– Вам? Тааак… Магчыма… Але, якім чынам? – вылупіў ён на мяне вочы ў здзіўленні.

Мы сядзелі ў маіх бацькоў дома, і бацька (Збігнеў Рамашэўскі – польскі палітык, удзельнік антыкамуністычнага руху, доктар фізічных навук – Заўвага. Belsat.eu) выпіваў з Валодзем, здаецца, віскі, а мама ўважліва сачыла, колькі яны вып’юць.

Знаёмства з дысідэнцкім рухам і забаронены самвыдат

А было гэта так: Ішоў 1975 год… Жнівень. У драўлянай, амаль стогадовай хаціне ў Тарасаўцы бацькі як звычайна слухаюць па транзістары Вольную Еўропу, а бацька яшчэ спрабуе слухаць радыё Свабода па-расейску…

У папярэднія гады бацька быў на гадавой стыпендыі, потым у некалькіх службовых паездках ў Маскве ў Акадэміі Навук СССР, праводзіў там даследаванні ўздзеяння мікрахваляў на нешта там (не пытайцеся, на што, бацька быў фізікам, а я не…). З Расеі ён прывёз бясконцую колькасць стужак да магнітафона з самвыдатам расейскіх бардаў. Пачынаў, як і ўсе – з Акуджавы і, вядома, Высоцкага, запісы якога ў нас былі, напэўна, усе, але ў выніку цалкам закахаўся ў меладэкламаваную пад гітару паэзію Аляксандра Галіча.

З Масквы бацька таксама прывёз некалькі знаёмстваў і веды аб дысідэнцкім руху, паколькі ягонае асяроддзе фізікаў у 60-я гады знаходзілася недзе на перыферыі гэтага руху.

Потым мама (Зоф’я Рамашэўская – дарадчыца прэзідэнта Польшчы, грамадзянская актывістка і ўдзельніца дэмакратычнага руху ў часы Польскай Народнай Рэспублікі – Belsat.eu) з сяброўкай і сотняй долараў у кішэні паехала Трабантам або, можа быць, нават Шкодай ўпершыню ў жыцці на Захад. І пры нагодзе, акрамя таго, што купіла для мяне ляльку Барбі, прывезла з парыжскай «Культуры» (штомесячны часопіс, з 1947 года выдаваўся спачатку ў Рыме, а пасля ў Парыжы на польскай мове пад рэдактарствам Ежы Гедройца – Заўвага. Belsat.eu) кучу кніг. На польскай і расейскай. Сярод іншых «Архіпелаг ГУЛАГ», «У крузе першым» і «Ракавы корпус» Аляксандра Салжаніцына… Яна пакінула іх у брата бабулі – дзядзькі Юрэка ў Пухаве ў Славакіі, а мы з бабуляй Зосяй пазней перавезлі іх у Варшаву.

Гэта было мой час, яшчэ напалову дзіцячае прысвячэнне. Я жыла паміж «Архіпелагам ГУЛАГ», Юрыем Галансковым, які памёр у 33 гады ў лагернай бальніцы, адмовіўшыся прасіць аб памілаванні, і генералам Пятром Грыгарэнкам, якога кінулі ў псіхушку за абарону крымскіх татараў. Я добра ведала, хто такая Наталля Гарбанеўская, хоць і пазнаёмілася з ёй толькі праз некалькі гадоў. І што такое «Хроніка бягучых падзей», самвыдат, які выходзіў нелегальна ў СССР.

Малітва польскай дзяўчынкі за савецкага хулігана

Тады, у жніўні 75-га, Свабода перадавала, што маладога і суперадважнага дысідэнта Уладзіміра Букоўскага перавялі зноў з калоніі, гэта значыць са звычайнага лагера, у турму строгага рэжыму ва Уладзіміры. Бацькі былі вельмі засмучаныя.

Казалі, што гэта выдатны хлопец, адзін з лепшых у Расеі, але што яго там у рэшце рэшт заб’юць, што яго маці згортвае горы, таму што вельмі за яго баіцца. Што яму толькі 33 гады, а з іх 10 ён ужо прасядзеў у турме і псіхушцы.

Я вярнулася ў свой пакой наверсе, стала на калені ля ложка, на якім расклала ўсе свае святыя абразкі з кніжкі для набажэнстваў і пачала маліцца аб яго выратаванні так палка, як, напэўна, ніколі ў жыцці пасля таго…

Улетку наступнага года прыйшла навіна аб тым, што Букоўскага абмянялі на чылійскага камуніста Луіса Карвалана. «Абмянялі хулігана на Луіса Карвалана…» – па Расеі нават гуляла прыпеўка, прысвечаная гэтай падзеі.

Палітыка, міжнародны ціск … Але, можа быць, і малітва польскай дзяўчынкі з касічкамі трохі дапамагла? Хто ведае?

Эпітафія для героя

Валодзя Букоўскі быў сапраўдным героем і сапраўдным расейцам, аднак Польшча фактычна стала яго прыёмнай радзімай (хоць жыў ён у Лондане). Гэтак жа, як і Наташа Гарбанеўская, якая пасля многіх гадоў без грамадзянства пагадзілася прыняць менавіта польскае.

У яго было вельмі цяжкае жыццё. Хай яму Бог, калі ён існуе, дасць за гэта вечны спакой. І хоць грашыў ён таксама нямала, але, як спяваў паэт у эпітафіі іншаму Уладзіміру: «Як умеў, так і жыў, а бязгрэшных не ведае Прырода».

І хай яго няшчасныя суайчыннікі калі-небудзь зразумеюць, хто быў іхным сапраўдным героем… Герояў і людзей выключных ў Расеі заўсёды хапала. Валодзя займае годнае месца ў гэтым Пантэоне.

Агнешка Рамашэўская-Гузы для Belsat.eu

Чытайце таксама:

Стужка навінаў