Адзіныя ў Беларусі лютэранскія могілкі пад Ваўкавыскам ратуюць валанцёры

У мястэчку Ізабелін пад Ваўкавыскам валанцёры даводзяць да ладу закінутыя могілкі немцаў-лютэранаў, якія жылі тут на працягу некалькіх стагоддзяў. Унікальнасць аб’екту – у тым, што нідзе больш у Беларусі гэткія комплексы не захаваліся.

Старыя лютэранскія надмагіллі. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Дзесяцідзённы валанцёрскі летнік сёлета ладзіцца Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГіК) ды Студэнцкай Радай. У ім бяруць удзел каля 30 маладзёнаў з розных куткоў Беларусі (Віцебск, Горадня, Слуцк, Баранавічы ды інш.).

Валанцёры за працай. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Задачы простыя: вырубаць падлесак мачэтамі ды сякерамі, пакідаючы каштоўныя пароды дрэваў, а пасля спальваць – чысціць тэрыторыю. Зараз, прынамсі, па тэрыторыі могілак можна пашпацыраваць, бо раней яна нагадвала сапраўдныя джунглі.

Валанцёры за працай. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Увосень мінулага году мы ўжо пісалі пра нямецкую калонію ў Ізабеліне. Этнічныя немцы, якія прыбылі сюды яшчэ за часамі Рэчы Паспалітай, паступова змешваліся з мясцовым беларускім ды польскім насельніцтвам, нехта з’ехаў у 1944 годзе, нехта быў рэпрэсаваны за часамі СССР. Кірха была перабудаваная на пачатку 1990-х у каталіцкі касцёл, а старыя могілкі зараслі лесам.

Валанцёры за працай. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Аўтограф трактарыста Вэкверта

«А мне падабаецца, – кажа валанцёрка Алеся з Барысава. – У мяне выбар быў ці ў Грэцыю ехаць на тыдзень, ці сюды. У Грэцыі я ўжо была, тыдня там малавата. Сёлета я абрала Ізабелін і не шкадую. Добрая кампанія, а пасля працы можна і ў лазню схадзіць!»

Валанцёры за працай. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У плане лагістыкі валанцёрам дапамагае «Маёнтак Падароск», які дае спальныя месцы ды з’яўляецца базай для валанцёраў. Адгукнулася таксама мясцовая каталіцкая парафія: на падворку плябаніі хлопцы і дзяўчаты абедаюць. Дарэчы, мясцовыя ўлады пагадзіліся падвозіць абеды для моладзі – гэта той жа комплекс прадуктаў, што возяць трактарыстам у поле: суп, грэчка з катлетамі ды кампот.

Валанцёры за працай. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Калі распісваемся за атрыманне абедаў, вельмі цікава зірнуць на прозвішчы мясцовых, што паставілі аўтографы перад намі, – усміхаецца Юрась Меляшкевіч, намеснік старшыні БДТАПГіК. – Напрыклад, бачыш прозвішча Вэкверт – гэта нашчадак немцаў, якія тут жылі. А зараз ён звычайны беларускі трактарыст!»

Юрась Меляшкевіч. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У Менску, Полацку і Горадні падобныя могілкі былі знішчаныя

Цікава, што валанцёры з папярэдняга заезду чысцілі габрэйскія могілкі ў Ізабеліне, якія месцяцца за пару сотняў метраў ад лютэранскіх. Так склаўся лёс: дзве нацыянальнасці, якія раней фармавалі мястэчка, цалкам зніклі, пакінуўшы пасля сябе некропалі. Сінагога ў Ізабеліне, дарэчы, таксама была: яе будынак зараз выкупіў бізнесовец і мецэнат, уладальнік «Маёнтку Падароск» Павел Бераговіч. Магчыма, і сінагога, і могілкі, і палац у Падароску ў хуткім часе пераўтворацца ў адзін турыстычны кластар.

Старыя лютэранскія надмагіллі. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Трэба разумець, што ў нас былі лютэранскія могілкі ў лакацыях, дзе кампактна жылі немцы, – тлумачыць Антон Астаповіч, старшыня БДТАПГіК. – У Менску, у Горадні, у Полацку. Але паўсюдна яны былі зруйнаваныя. Тут жа – захаваліся! Цікавы яшчэ і той факт, што звычайна немцы жылі па вялікіх гарадах, а тут – невялічкае мястэчка. Улічваючы гэтыя моманты, можна смела казаць пра ўнікальнасць і могілак, і іншых абʼектаў, звязаных з немцамі-лютэранамі, у Ізабеліне».

Валанцёры за працай. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Наступны этап – уключэнне ў спіс помнікаў

Сапраўды, могілкі нямецкіх жаўнераў часоў Першай Сусветнай раскіданыя ці не па ўсёй Заходняй Беларусі. А вось некропалі этнічных немцаў, якія жылі ў нас стагоддзямі – знайсці фактычна немагчыма. Паўсюдна яны мэтанакіравана знішчаліся за часамі СССР або надмагіллі банальна раскрадаліся мясцовымі жыхарамі «для гаспадарчых патрэбаў»: ганак зрабіць або ў падмурак хаты паставіць. Не выключана, што частка камянёў з лютэранскіх могілак у Ізабеліне напаткаў акурат такі лёс…

Старыя лютэранскія надмагіллі. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Што далей? Паводле кіраўніцтва БДТАПГіК, пасля расчысткі можна будзе заняцца фіксацыяй і рыхтаваць дакументы да ўключэння могілак у спіс помнікаў гісторыі і культуры. Тады ўжо ўлады будуць абавязаныя даглядаць надмагіллі, а любыя выпадкі вандалізму будуць карацца паводле закону. Сам жа некропаль стане паўнавартасным турыстычным абʼектам.

Валанцёры за працай. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Hавiны