Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Як беларусы ў замежжы дапамагаюць змагацца з каронавірусам


Сабралі прыклады з ЗША, Іспаніі, Егіпту і іншых краінаў.

Калі замежнікі часта хваляць нас за гасціннасць і ахвоту дапамагчы чужынцу ў цяжкай сітуацыі, то самыя беларусы нярэдка кажуць, што ў нас кожны сам па сабе: маўляў, жывём паводле прынцыпу «мая хата з краю». Няўжо і цяпер, калі па свеце крочыць эпідэмія каронавіруса, накрываючы новыя і новыя краіны, беларусы не аб’яднаюцца перад тварам гэткай небяспекі?

«У нас, у Іспаніі, гэтак жа думалі, што кожны сам за сябе, але потым аказалася, што эмпатыя нікуды не сышла, і людзі ўсяляк дапамагаюць іншым», – кажа беларускамоўная іспанка, паэтка Анхела Эспіноса Руіс.

Анхела Эспіноса Руіс.
Фота: уласны архіў

Цяпер Анхела даглядае сваю 89-цігадовую бабулю і дзеля ейнай бяспекі стараецца не выходзіць з дому. Але і ў такіх варунках можна рабіць нешта добрае!

«Я стараюся граць вясёлую музыку на піяніна для суседзяў: граю Баха, Моцарта, такія спрытныя рэчы, не сумныя, а таксама песні з фільмаў. Ведаю, што іншыя маладзёны, якія вырашылі застацца ананімнымі, распрацавалі мадэлі ахоўнай вопраткі – маскі, камбінезоны – для медыкаў, бо гэтага цяпер не стае, і аддалі бясплатна, каб раздрукавалі на прынтарах 3D.

Паліцыя ў нас для падтрымкі духу насельніцтва часта спявае на вуліцы, перадае паведамленні дзецям ад міфічных персанажаў тыпу Каляднага Дзеда, ад нашых эквівалентаў. А яшчэ адзін трэнер арганізаваў у сябе на гаўбцы ўрок фізкультуры для суседзяў, пасля відэа з гэтым урокам разляцелася па сацсетках, і шмат хто карыстаўся!»

У Амерыцы ў кожным штаце свае асаблівасці таго, як грамадзяне супольна спрабуюць справіцца з вірусам. Як нам распавёў Віталь Алісіёнак, які эміграваў паводле грын-карткі і наладзіў там уласны бізнес, у ягоным штаце, Нью-Джэрзі, зачыненыя школы, а таксама не жыццёва важныя бізнесы.

Віталь Алісіёнак.
Фота: уласны архіў

«На пачатку ўзнікла пэўная паніка, і народ кінуўся ў крамы скупляць прадукты, туалетную паперу, сродкі для дэзынфекцыі. Праз некалькі дзён усё супакоілася, увялі ліміты на продаж пэўнай прадукцыі, але паперы дагэтуль няма. У нашым мястэчку папулярная сацыяльная сетка Nextdoor, там цяпер людзі прапаноўваюць дапамогу тым, хто не можа сам набыць прадуктаў. Часта пэўныя аддаюць задарма.

Адна настаўніца раздае сваю бібліятэку ахвотным, каб было чым заняцца з дзецьмі. Прапануюцца бясплатныя заняткі онлайн па маляванні ці музыцы. Набірае абароты рух дзеля падтрымкі мясцовага малога бізнесу, які найбольш цярпіць ад закрыцця. Рэстараны зачыненыя, але робяць ежу на замову: людзі замаўляюць, імкнучыся такім чынам падтрымаць іх», – дзеліцца назіраннямі Віталь Алісіёнак.

У Вялікай Брытаніі, дзе днямі ўвялі абмежавальныя захады, людзі яшчэ толькі пачынаюць асвойвацца ў новай для іх рэчаіснасці. Першасная ж справа – клопат аб прадстаўніках старэйшага пакалення.

«Людзі пачалі самаарганізоўвацца. Цяпер каманда валанцёраў па ўсёй краіне адбірае ахвотнікаў, плануецца, што будзе недзе 250 тысяч валанцёраў, якія будуць хадзіць у крамы і дастаўляць харчы пенсіянерам. Валанцёрства тут вельмі распаўсюджанае, а ў часе крызісу народ пачне яшчэ болей гуртавацца», – кажа брытанскі беларус, палітычны аглядальнік Аляксей Лявончык.

Аляксей Лявончык.
Фота: уласны архіў

Інакш выглядае сітуацыя ў Егіпце, дзе мясцовым пенсіянерам абсалютна не патрэбная дапамога валанцёраў. Пра асаблівасці тамтэйшай сітуацыі нам распавяла Раяна Вольга Чарных, журналістка з Беларусі, якая выйшла замуж за егіпцяніна і цудоўна асвоілася з рэаліямі гэтай краіны:

«У Егіпце нават да часу эпідэміі дастаўка была надзвычай папулярная: тут дадому дастаўляюць абсалютна ўсё з любой крамы, рэстарану ці аптэкі! Можна таксама скарыстацца паслугамі вулічных гандляроў: калі пенсіянер з вакна спусціць на вяроўцы кошык з грашыма, то гандляр пакладзе ў яго набыты тавар, напрыклад, гародніну ці прамысловыя тавары».

Але дзяржаве ўсё ж даводзіцца рэгуляваць кошты на тавары.

Раяна Вольга Чарных.
Фота: уласны архіў

«Я асабіста бачыла, як затрымалі ўласніцу аптэкі, якая істотна завысіла кошты на маскі, пальчаткі. Урад абвесціў, што неадэкватны пад’ём цэнаў будзе карацца да пяці гадоў турмы і 15-гадоваю забаронаю на прадпрымальніцкую дзейнасць. У 2-3 разы падвышаць кошты дапушчальна, бо гэтая захада звязаная з неадэкватнымі паводзінамі людзей, якія пачалі скупляць усё, што бачаць, таму павышэннем коштаў спрабуюць ажыятаж крыху знізіць. Тым часам расейскамоўная дыяспара дапамагае турыстам, якія не здолелі з Егіпту вылецець на радзіму, даючы ім прытулак у сваіх дамах. Дарэчы, турыстычны бізнес сутыкнуўся з найбольшымі праблемамі, але, напрыклад, каб падтрымаць сваіх працаўнікоў, уладальнік гатэлю «Albatros» у Хургадзе захаваў ім не толькі заробак, але і гасцінец (чаявыя), якія яны атрымлівалі штотыдзень. Дзяржава абяцала выплаціць працаўнікам гатэляў па 500 фунтаў (прыблізна $ 45)», – распавяла Раяна Вольга Чарных.

Жыхарка Нідэрландаў Даша Слабчанка распавяла нам, як жыхары гэтай краіны аказваюць сабе ўзаемную падтрымку:

«Галандцы вельмі практычныя і любяць лічыць грошы, таму, калі зачыніліся рэстараны ды спартзалы, з’явіліся заклікі падтрымаць малы бізнес, замаўляць ежу на вынас. А, напрыклад, студыя, дзе я займалася ёгаю, замарозіла абанементы і пачала весці бясплатныя заняткі онлайн, але ахвотныя могуць ахвяраваць грошы на падтрыманне студыі.

Самая ж сентыментальная гісторыя была з кветкамі. Здымкі таго, як тоны прыгажосці папросту знішчаюць, абляцелі ўвесь свет. Кветкі, якія гадавалі на экспарт, нікуды не паляцелі. Вытворцы развезлі сотні букетаў цюльпанаў ды ружаў у шпіталі і дамы састарэлых. Людзі замаўлялі па 200 цюльпанаў за € 30, было шмат групаў і флэш-мобаў для ратавання кветак, але, безумоўна, увесь экспарт унутраным попытам не пакрыеш».

Даша Слабчанка.
Фота: уласны архіў

Выкладчыца і журналістка Жанна Кромер, якая жыве ў Нямеччыне, у час эпідэміі згадала пра сваю швейную машынку.

«Я накупіла бавоўны вясёленькай і шыю маскі для лекараў, якія звярнуліся да валанцёраў з гэткаю просьбаю. Падтрымліваюць і суседзі адно аднаго: у групах народ прапаноўвае туалетную паперу і муку, калі ў каго гэта скончылася. А мая стаматолаг расказала, што для незнаёмай суседкі, якая сядзіць на каранціне, забрала з пошты пасылку. Тая даслала ёй фотку пашпарта і паштовага паведамлення. На пошце спакойна прынялі гэты «дазвол забраць», хаця два тыдні таму такое не прайшло б».

Жанна Кромер накупіла бавоўны і шые маскі для лекараў.
Фота: уласны архіў

А як справы ў Ізраілі? Мы паспрабавалі даведацца ў нашага земляка Міхаіла Долгіна.

«Не маю панятку. Я медбрат, інтэнсівіст. У мяне цяпер: змена – сон – змена ў шпіталі», – роўна столькі распавёў Міхаіл і зноў пайшоў дапамагаць хворым. Красамоўна пра ягоную працу кажа фотаздымак: на адной частцы – ягоны партрэт да эпідэміі каронавіруса, а на другой – твар пасля змены ў шпіталі.

Міхаіл Долгін да эпідэміі каронавірусу і пасля змены ў шпіталі.
Фота: уласны архіў

Так што беларусы ў часе крызісу – і на перадавой, і валанцёры, і проста людзі, гатовыя працягнуць руку бліжняму ў патрэбе.

Вольга Старасціна Belsat.eu

Стужка навінаў