Адзін з абаронцаў Курапатаў «замініраваў» рэстарацыю. Яму пагражае пяць гадоў турмы


Алег Корбан, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва», паведаміў, што на аднаго з яго ўдзельнікаў, Мікіту Найдзена, завялі крымінальную справу паводле часткі 1-й артыкулу 340 («свядома ілжывае паведамленне пра небяспеку»).

Мужчына патэлефанаваў у рэстарацыю яшчэ 10 чэрвеня а 22:45 і паведаміў, што рэстарацыя «замінаваная, там бомба». Найдзен быў цвярозым і дзейнічаў самастойна.

Працаўнікі і госці рэстарацыі адразу выйшлі на вуліцу. На месца здарэння прыехалі сапёры і ратаўнікі, якія ўсталявалі, што паведамленне – ілжывае.

«Гэта сапраудная нечаканасць, – распавёў «Белсату» Алег Корбан. – Мікіта даволі эмацыйна ўспрыняў падзеі вакол Курапатаў ды вырашыў такім чынам выказаць пратэст».

«Ён не вытрымаў знявагі над нацыянальным мемарыялам у Курапатах і вырашыў паскорыць той момант, калі пекла ў выглядзе забаўляльнага комплексу «Поедем Поедим» зачыніцца, а ўсе іх чэрці разбягуцца», – напісаў у «Фэйсбуку» Алег Корбан.

Ужо а 2-й гадзіне ўночы Мікіту Найдзена затрымала міліцыя. Ён правёў трое сутак у ізалятары часовага ўтрымання, пасля чаго быў вызвалены. Да судовага паседжання ён будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Мікіта Найдзен – актывіст «Альтэрнатывы», яму 27 гадоў, актыўны ўдзельнік многіх акцыі і кампаніяў дэмакратычных сілаў, працуе штампоўшчыкам на Менскім трактарным заводзе, жыве з маці. Старонка ГА «Альтэрнатыва» падае, што арганізацыя паўстала ў 2013-м годзе з мэтай «спрыяць развіццю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і абараняць правы і інтарэсы грамадзянаў».

Паводле Корбана, Найдзену забаранілі наведваць месцы масавага збору людзей ды камунікацыю з асобамі, «якія вядуць антыграмадскі лад жыцця».

Паводле Корбана, ціску на Найдзена не было.

«Не білі і не катавалі, але далі жорсткую рэкамендацыю не ўдзельнічаць у акцыях у Курапатах, а пра гэты выпадак нікому не распавядаць, тады на судзе будзе «усё добра». Як бы там ні было, у бядзе яго не пакінем, нечым дапаможам», – піша Корбан.

Сам Мікіта адмовіўся каментаваць нашае рэдакцыі свой учынак.

«Нічога казаць не буду – мне забаранілі», – сказаў «Белсату» Мікіта Найдзен.

Корбан назваў тэлефанаванне «фатальным» і заклікаў абаронцаў Курапатаў прадумваць свае дзеянні больш дасканала.

З пачатку чэрвеня ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць адкрыцця тут рэстарацыі. Яна месціцца ў комплексе будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол». Улетку там збіраюцца адчыніць таксама лазню. Аб’ект належыць кампаніі «Белновотекс груп».

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

ДД

Стужка навінаў